Лукашэнку раскрытыкавалі ў АБСЕ


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі трапіў пад крытыку еўрапейскіх дзяржаваў за палітычныя рэпрэсіі, прыгнёт прэсы і суўдзел у ваенным злачынстве Крамля – гвалтоўным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь. Дыпламатычны фронт адкрыўся сёння ў Скоп‘е, у сталіцы Паўночнай Македоніі, на саміце міністраў замежных справаў АБСЕ. Аднак Лукашэнку там прадстаўляў нават не міністр.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Віцэ-міністр замежных справаў Лукашэнкі Юрый Амбразевіч у македонскай сталіцы журналістаў пазбягаў і ў адрозненні ад еўрапейскіх міністраў каментароў не даваў. На саміце АБСЕ ў Скоп‘е ён быў у групе падтрымкі Сяргея Лаўрова. Расейскі міністр прыехаў з абвінавачаннямі, што Захад, Еўразвяз і блок NATO фактычна забіваюць Арганізацыю бяспекі і супрацы ў Еўропе, а ў вайне Расеі супраць Украіны вінаваты ўвогуле Вашынгтон.

«АБСЕ, па сутнасці, ператвараюць у прыдатак NATO і Еўразвязу. Арганізацыя на краю бездані. Устае простае пытанне: ці мае сэнс інвеставаць намаганні ў яе ажыўленне?» – вяшчаў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Падчас выступу Лаўрова частка еўрапейскіх дыпламатаў публічна пакінула залю. Яшчэ раней – проста да прыбыцця маскоўскага пасланца – саміт пакінуў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Міністры замежных справаў Украіны і краінаў Балтыі абвесцілі байкот гэтаму саміту, каб паказаць пратэст супраць удзелу Расеі і рэжыму Лукашэнкі ў арганізацыі. Але саміт адбыўся паспяхова.

«Гэта абсалютна нельга назваць дыпламатычнаю перамогаю Расеі. Гэта дыпламатычная перамога АБСЕ. Паколькі функцыянаванне арганізацыі было пастаўленае пад пытанне, можна сказаць, што з гэтым самітам АБСЕ працягвае функцыянаваць. Яна будзе працягваць быць гарантам развіцця дэмакратычных і мірных працэсаў у Еўропе», – заявіў прэм’ер-міністр Паўночнай Македоніі Дымітар Кавачэўскі.

У Паўночную Македонію не паляцела і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, якая мае вельмі высокі ўзровень супрацы ў межах АБСЕ.

«Святлана Ціханоўская ўдзельнічала летась і пазалетась. А сёлета, калі там бяруць удзел і расейскі міністр Лаўроў, і лукашэнкаўскі прадстаўнік, мы не хочам дзяліць з імі адказнасць. Плюс АБСЕ ў глыбокім крызісе», – патлумачыў «Белсату» старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АБСЕ.
Фота: OSCE

Сапраўды, Крэмль і пасланцы Лукашэнкі здолелі перашкодзіць абранню Эстоніі наступнай дзяржавай-старшынёй арганізацыі. Замест яе будзе Мальта.

«Дзве дзяржавы – лукашэнкаўская і Расея – маніпулююць, выкарыстоўваюць АБСЕ як пляцоўку для прапаганды вайны, прапаганды рэпрэсіяў. Мы лепш скарыстаем гэты час, каб падрыхтавацца да стратэгічнага дыялогу з ЗША і да кансультатыўнай групы з Еўразвязам», – распавёў Франак Вячорка.

Выключыць краіну-агрэсара з Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе пакуль не атрымліваецца з юрыдычных прычынаў. Але практычна ўсе ўдзельнікі скарысталіся пляцоўкай, каб асудзіць дзеянні Масквы.

«Мы таксама заклікаем Беларусь перастаць дапамагаць Расеі ў агрэсіі супраць Украіны», – заявіў міністр замежных справаў Швецыі Табіяс Більстрэм.

Супраць дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі публічна выступілі высокія прадстаўнікі Іспаніі, Нідэрландаў, Францыі, Канады, Румыніі, Мальты, Харватыі і Чэхіі. Еўрапейцы асобна падкрэслівалі недапушчальнасць вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у беларускія дзіцячыя лагеры для ідэалагічнай апрацоўкі.

«Мы заклікаем рэжым у Беларусі спыніць рэпрэсіі, тэрмінова і без якіх-кольвек умоваў вызваліць усіх палітычна асуджаных і затрыманых, паважаць свабоду прэсы і грамадзянскай супольнасці, распачаць празрысты грамадскі дыялог», – падкрэсліў міністр замежных справаў Швецыі Табіяс Більстрэм.

Міністр замежных справаў Лукашэнкі Сяргей Алейнік у Паўночнай Македоніі не прысутнічаў – ён разам з Лукашэнкам паляцеў у Дубай арганізоўваць сустрэчы з кіраўнікамі асобных афрыканскіх краінаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»