Вайсковаму аналітыку Андрэю Паротнікаву пагражае да 15 гадоў няволі


Шпіёны, вакол адныя шпіёны. Прапагандысты выпусцілі чарговае нібыта расследаванне. Адзінае праўдападобнае, што ў ім ёсць, – гэта абсурднае абвінавачванне вайсковага аналітыка Андрэя Паротнікава ў здрадзе дзяржаве і, адпаведна, перспектыва 15-ці гадоў пазбаўлення волі для яго. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дапамагаў польскім агентам шкодзіць Беларусі» – такое абвінавачанне выставілі вайсковаму аналітыку Андрэю Паротнікаву. Пра што стала вядома з прапагандысцкага фільму «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў», што напярэдадні выйшаў на дзяржаўным канале ОНТ.

«Ён мэтанакіравана даў згоду прадстаўніку польскай выведкі на супрацу, пасля чаго цягам некалькіх гадоў адпрацоўваў выдадзеныя яму заданні для збору, аналізу і перадачы інфармацыі з сацыяльнай, палітычнай, вайсковай сфераў у тым ліку закрытага характару», – заявіў намеснік начальніка Следчага камітэту Беларусі Канстанцін Бычак.

Раней Паротнікаў працаваў у Міністэрстве ўнутраных справаў. Затым стаўся кіраўніком аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog. Летась Лукашэнка пазбавіў яго звання капітана міліцыі запасу.

«Андрэй Паротнікаў – гэта эксперт у сферы бяспекі, якога вельмі цанілі не толькі ў міжнародных аналітычных установах, але таксама і журналісты, ён выступаў у медыях, быў частым госцем на “Белсаце”. Між іншага ён быў адным з экспертаў “Тэрыторыі праўды”», – тлумачыць рэдактар і аўтар праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса.

Затрымалі Паротнікава сёлета ў сакавіку. Доўгі час пра яго не было ніякай інфармацыі. Цяпер жа стала вядома, што аналітыка вінавацяць паводле 1-ай часткі артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу – «Здрада дзяржаве». За што прадугледжваюць да 15-ці гадоў няволі. У якасці доказаў віны прапагандысты прыводзяць размовы з чыноўнікамі, сілавікамі, журналістамі і наведванне прэс-канферэнцыяў.

«Абвінавачванне Андрэя Паротнікава ў здрадзе, у супрацы з замежнымі спецслужбамі абсурднае. Я ў фільме, які паказала прапагандысцкае тэлебачанне Лукашэнкі, не ўбачыў нічога, што сведчыла б пра тое, што, па-першае, ён здрадзіў, а па-другое, што супрацоўнічаў са спецслужбамі», – лічыць Сяргей Пеляса.

Паводле апублікаванага відэа, праз Паротнікава беларускія спецслужбы спрабавалі даведацца пра каналы эвакуацыі людзей з краіны. Супрацоўнік контрвыведкі Беларусі на ананімных умовах сказаў наступнае: «Аперацыя ўнікальная, бо проста так адпусціць чалавека, якога мы ведаем, што ён здраднік, рызыка была велічэзная».

Але зноў жа з відэа вынікае, што вайсковага аналітыка не адпускалі, а папросту прымусілі кантактаваць з калегамі і дыпламатамі, фіксуючы гэта ўсё на камеру.

Вайсковы эксперт Андрэй Паротнікаў на кадрах з прапагандысцкага фільму ОНТ.
Фота: скрыншот з відэа

Дапамагчы Паротнікаву пагадзіўся кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак. У сваім допісе ў «Фэйсбуку» ён напісаў, што ведаў, Андрэй на той момант ужо быў закладнікам спецслужбаў.

«Мы разумелі, што эвакуацыя Андрэя, хутчэй за ўсё, скончыцца нічым. У нас было некалькі задачаў:

– паспрабаваць выцягнуць нашага калегу і сябра;

– адсачыць і даведацца, як працуюць і што робяць спецслужбы ў такіх аперацыях;

– у выпадку немагчымасці эвакуацыі забяспечыць магчымасць Андрэю паспаць “на белых прасцінах” замест гэбэшнай шконкі як мага даўжэй», – напісаў Андрэй Стрыжак.

У шэрагі шпіёнаў прапагандысты запісалі і іншых аналітыкаў: Арцёма Шрайбмана, Валера Карбалевіча, Арсенія Сівіцкага.

«Гэты фільм адрасаваны ў першую чаргу на аўдыторыю ўнутры краіны, каб запалохаць яшчэ раз людзей. Каб пацвердзіць той наратыў, якому ўжо 3 гады, што вакол Беларусі – ворагі, з адной краінай мы можам сябраваць, а ўсе астатнія – ворагі. Што за ўсімі сочаць і што ўсё бачаць», – пракаментавала галоўная рэдактарка «Media IQ» Надзея Белахвосцік.

Ці дасягнулі сваёй мэты спецслужбы ў выкрыцці каналаў эвакуацыі? Паводле Андрэя Стрыжака, гэтага не адбылося. Але кіраўнік «BYSOL» рэкамендуе не зацягваць з пытаннем ад’езду пры адчуванні небяспекі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»