Афрыканскі трафік праз беларускія лясы набывае моц


Зноўку расце колькасць спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Еўразвязам з тэрыторыі нашай краіны. Азіяты і афрыканцы ў халоднае надвор’е штурмуюць памежныя рэчкі на самаробных пераправах, рызыкуючы жыццём.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Суседзі рыхтуюцца да новых крызісаў. Літва папрасіла ў Еўразвязу дадатковыя грошы на ўзмацненне мяжы з Беларуссю. Літоўская міністр унутраных справаў Агне Білатайце скіравала адмысловы ліст да еўракамісара ўнутраных справа Ільвы Югансан.

«Дзякуючы супольным намаганням з Еўракамісіяй сёння Літва мае адну з самых інтэграваных і сучасных сістэмаў кіравання знешнімі межамі ўва ўсім Еўразвязе. Але мы мусім працягваць удасканальваць інфраструктуру аховы межаў і быць максімальна гатовымі да рэагавання на розныя пагрозы. У гэтым нам дапаможа патрульная сцежка», – заявіла Агне Білатайце.

Патрульная сцежка – гэта дарога ўздоўж мяжы, элемент памежнай інфраструктуры. Літва плануе адрамантаваць дзейныя і пабудаваць новыя часткі такой сцежкі на памежнай тэрыторыі працягласцю 462 км. На гэта можа спатрэбіцца нават 60 млн еўраў. Інвестыцыя акупаецца за кошт барацьбы і з нелегальнай міграцыяй, і з кантрабандай. Агне Білатайце адзначае, што пабудова памежнай агароджы стала адказам на крызіс 2021-га года. Тады рэжым Аляксандра Лукашэнкі арганізаваў пералёт тысячаў мігрантаў з Блізкага Ўсходу і дастаўку іх з аэрапорту проста на мяжу.

Хоць цяпер адкрытага штурму памежных пераходаў няма, але хваля нелегальнай міграцыі беларускім шляхам зноўку набывае моц узроўню 2021-га года. Напярэдадні ў Польскім Падляшшы памежнікі перадухілілі 116 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі. Сярод затрыманых парушальнікаў мяжы – грамадзяне Сірыі, Турцыі, Емену, Афганістану, Іраку, Нігерыі, Самалі, Эфіопіі і Эрытрэі. У раёне зачыненага пераходу Баброўнікі-Бераставіца замежнікі зноўку зафіксавалі арганізацыю пераправы праз памежную раку Свіслач.

А сёння польскі Урадавы цэнтр бяспекі папярэджваў нашых суседзяў, што прапаганда Лукашэнкі актыўна выкарыстоўвае дэзынфармацыю на памежную тэму.

Урадавы цэнтр бяспекі Польшчы адзначае наступныя фальшывыя наратывы з Беларусі:

1. Польшча забівае мігрантаў і перакідвае трупы на тэрыторыю Беларусі.

2. Польшча праводзіць дзейнасць дзеля дэстабілізацыі.

3. Польшча адказная за «крызіс» на мяжы і смерць мігрантаў.

4. Польшча пераследуе беларусаў і хоча анексаваць Гарадзеншчыну.

5. Польшча плануе тэракты ў Беларусі.

6. Польшча рыхтуецца да ўзброенага нападу на Беларусь.

Апошні прыклад – перадача «ОбъективНо» на ОНТ, дзе ўхвалялася размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – нібыта як адказ на агрэсіўныя паводзіны суседзяў. Там дзяржаўныя эксперты супольна стваралі вобраз Польшчы як краіны прававога бязмежжа і дыскрымінацыі беларускіх грамадзянаў. Узгадвалі і прыдуманы генацыд мігрантаў.

«Адбываецца генацыд з мігрантамі. Памятаеце Эміля Чэчку? Салдат, які ўцёк і які кепска скончыў, але паспеў распавесці шмат чаго, як расстрэльвалі на мяжы гэтых людзей. Ніхто Польшчы прэтэнзіяў не прадставіў», – казаў з экрану намеснік кіраўніка тэлеканалу ОНТ Дзмітрый Бачкоў.

Эміль Чэчка – дэзерцір з польскага войска, які ўцёк у Беларусь і на дзяржаўных тэлеканалах падрабязна распавядаў жахі пра масавыя катаванні і забойствы мігрантаў і польскіх валанцёраў на мяжы з Беларуссю. Чэчка заяўляў, што асабіста вось гэтымі рукамі расстрэльваў групы мігрантаў да 20 асобаў. Пазней польскага дэзерціра знайшлі павешаным у Менску, а ягоныя абвінавачанні аб братэрскіх магілах мігрантаў і валанцёраў не пацвердзіліся. «Белсат» падрабязна разбіраў гэтую справу.

«Напрыклад, ён кажа пра расстрэл валанцёраў. Мушу звярнуць увагу, што валанцёры перамяшчаюцца і працуюць групамі. І ніхто з гэткіх групаў дасюль не паведаміў, што хтосьці з валанцёраў знік ці з ім нешта здарылася. Ці што ў яго хтосьці страляў са службаў на мяжы», – такія слабыя месцы ў аповедах Чэчкі яшчэ ў 2021-м годзе выявіў эксперт Цэнтру даследавання тэрарызму «Collegium Civitas» Анджэй Мрочэк.

Крызіс 2021-га года можа паўтарыцца. Афіцыйная Вільня ўслед за Варшавай заяўляе, што аднаўленне авіярэйсаў з Тэгерану ў Менск можа азначаць павелічэнне мігранцкіх плыняў. Аднаўленне іранска-беларускага авіязлучэння запланаванае на гэты тыдзень.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»