Беларусь робіцца ўсё больш карумпаванаю?


«Усе ў свеце ацанілі Беларусь як краіну з самай нізкай у свеце карупцыяй», – казаў Лукашэнка. Аднак міжнародныя рэйтынгі не пацвярджаюць ягоных словаў. Паводле Індэксу ўсведамлення карупцыі, летась Беларусь заняла 98-ае месца са 180-ці, падзяліўшы яго з Албаніяй, Аргентынай і трыма афрыканскімі дзяржавамі. За тры гады нашая краіна страціла 35 пазіцыяў у рэйтынгу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чым больш дзяржавы, тым больш кантролю, функцый і тым больш магчымасцяў у чыноўнікаў. Гэта азначае больш і карупцыі. Менавіта карупцыі на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Бо гэтак званая бытавая, дробная карупцыя – яна ёсць паўсюль», – адзначыў дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Пагаршэнне сітуацыі эксперт таксама звязвае з адсутнасцю парламенцкага кантролю і кантролю з боку грамадзянскай супольнасці ды медыяў. Да таго ж рэжым сёлета дэнансаваў шэраг адмысловых міжнародных дамоваў, запусціўшы летась працэдуру выхаду Беларусі з Групы дзяржаваў супраць карупцыі. Генеральны пракурор Андрэй Швед патлумачыў пастанову палітызаванымі і дыскрымінацыйнымі дачыненнямі да нашай краіны:

«У прыватнасці, прадпісвалася стварыць нейкую найвышэйшую раду правасуддзя для адбору кандыдатаў на пасаду суддзі, абмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта ў прызначэнні суддзяў, адмяніць правы прэзідэнта на дачу згоды на пачатак крымінальных справаў у дачыненні асобаў, якія ўваходзяць у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы».

Пры гэтым у самой Генеральнай пракуратуры прызнаюць: карупцыянераў у Беларусі паболела. Летась колькасць злачынстваў, звязаных з хабарніцтвам ці злоўжываннем улады, павялічылася на 16 адсоткаў. Найбольшы рост – у галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлю і аховы здароўя. Каб заахвочваць беларусаў змагацца з карупцыяй, генеральны пракурор Швед і ягоныя намеснікі ладзяць выступы перад калектывамі буйных прадпрыемстваў.

«У лукашэнкаўскай сістэме, калі заўважылі карупцыю і пачалі ездзіць па прадпрыемствах, значыць, яна набыла пагражаючыя маштабы для самога рэжыму. Яны ўсё гэта бачаць, прагназуюць. Сапраўды, яны бачаць усё. Сістэма ўлады Лукашэнкі моцна завостраная на выяўленні карупцыйных злачынстваў», – патлумачыў прадстаўнік «BYPOL» і былы супрацоўнік МУС Станіслаў Лупаносаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Сказаў: усіх пад мятлу і ў камеру», – гэтак Лукашэнка казаў пра фігурантаў «цукровай справы» у 2020-ым годзе. Тады для затрымання падазраваных з ліку дырэктараў цукровых заводаў над Вроцлавам развярнулі самалёт, які ляцеў з Менску ў Мюнхен.

Затым былі гучныя справы медыкаў і артапедаў. Летась у межах гэтак званай малочнай справы затрымалі 26 асобаў. Галоўным жа фігурантам стаўся генеральны дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў.

На барацьбе з карупцыяй Лукашэнка пабудаваў сваю перадвыбарчую кампанію падчас першай прэзідэнцкай гонкі 1994-га года. І на той момант гэта цалкам адгукалася ў грамадстве, мяркуе Анатоль Лябедзька. Цяпер жа гэтая барацьба мае іншыя мэты.

«Хутчэй за ўсё гэта такі акт мабілізацыі чыноўнікаў і гульня ў такую рускую рулетку – каму пашчасціла, а каму – не. Не больш за тое. Я думаю, што грамадства ў сваёй большасці зараз не ўспрымае сур’ёзна словы пра змаганне з карупцыяй, якія ідуць ад Лукашэнкі і ягонага атачэння», – дадаў Анатоль Лябедзька.

Паказальны і лёс некаторых фігурантаў карупцыйных справаў. Былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа цяпер кіруе лесапаляўнічнаю гаспадаркай у Белавежскай пушчы. Сваю пасаду і міласць Лукашэнкі вярнула дырэктарка птушкафабрыкі «Ганна» Ганна Норкус.

«Гэта прафілактычныя мерапрыемствы ў асноўным. Скіраваныя на іншых дырэктараў прадпрыемстваў, на іншых міністраў. Маўляў, я магу іншых пасадзіць. Але гэта прапагандысцкі момант, каб запалохаць і страхам кіраваць», – патлумачыў Станіслаў Лупаносаў.

У краінах-суседках Беларусі паводле рэйтынгу ўсведамлення карупцыі таксама ёсць прыклады, калі дзяржаўныя асобы пазбягаюць правасуддзя. Прынамсі былы прэзідэнт Замбіі Рупія Банда, якога ў 2013-ым годзе абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, не толькі пазбег зняволення, але і аднавіў імунітэт недатыкальнасці як экс-кіраўніка дзяржавы.

Ірына Юр’ева, «Белсат»