Што рабіць з уласным дронам?


Мінулі тры месяцы з дня, калі набыў моц указ, што забараняе фізічным асобам увозіць у Беларусь, вырабляць і карыстацца ў краіне беспілотнікамі ды авіямадэлямі. Да сёння Савет Міністраў меў вызначыць парадак перадачы дронаў гэтак званым упаўнаважаным арганізацыям.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З дня на дзень будзе апублікаваная пастанова Савету Міністраў і вызначаная арганізацыя, куды можна будзе іх адчужаць. А пакуль да 28 сакавіка можна прадаваць», – патлумачылі ў аддзеле беспілотнай авіяцыі Дэпартаменту авіяцыі.

Абмежаванні для дронаў уводзяць ці не ў кожнай краіне свету. Да прыкладу, нельга запускаць дроны ля аэрадромаў ці вайсковых аб’ектаў. У Беларусі ж з 2016-га ў беспалётныя зоны для дронаў уваходзяць таксама рэзідэнцыі Лукашэнкі, будынкі шэрагу ведамстваў, прымежныя тэрыторыі. Забароны пашырыліся яшчэ больш з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне. І перадусім праз удар дронам па расейскім самалёце ў Мачулішчах. Палітолаг, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак падкрэслівае:

«Гэты самалёт вельмі добра ахоўваўся, А-50, і ахоўваўся тымі сістэмамі, якія ахоўваюць рэзідэнцыю а таксама картэжы Лукашэнкі. Трэба неяк рэжыму абараняцца. І было прынятае рашэнне: не можам ад усіх дронаў схавацца, таму будзем адбіраць».

Паводле ўказу, праз тры месяцы прадаць дрон будзе ўжо немагчыма. Але і сёння зрабіць гэта няпроста. Як заўважыў тэлеграм-канал «ОтВинта», папулярныя онлайн-пляцоўкі абвестак у Беларусі выдалілі амаль увесь кантэнт, звязаны з продажам беспілотнікаў.

Шэраг праўладных арганізацыяў прапаноўвае перадаваць дроны ім. Гэтак, лукашэнкаўскія вайскоўцы абвесцілі ініцыятыву «Крылы»: на адмыслова створаным тэлеграм-канале зʼяўляюцца відэа, дзе ананімныя вайскоўцы дзякуюць ананімным беларусам за нібыта перадачу дронаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Просіць ахвяраваць дроны і Чырвоны Крыж. Маўляў, беспілотнікі часта выкарыстоўваюцца для дапамогі пры павадках, пажарах і ў пошуку людзей, якія заблукалі ў лесе. Але Беларускі Чырвоны Крыж падтрымоўвае агрэсію Расеі ва Украіне і бярэ ўдзел у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Праз гэта арганізацыю выключылі з міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа.

«Ні так званыя сілавыя органы, ні Чырвоны Крыж не стаяць на абароне інтарэсаў простых людзей і народу Рэспублікі Беларусь. Усё, што вы ім аддасцё, будзе выкарыстана для палявання на людзей і, магчыма, будзе выкарыстана для палявання на вас», – перакананы прадстаўнік абʼяднання «BelPol» Уладзімір Жыгар.

Паводле цяперашняга Адміністратыўнага кодэксу, ёсць пакаранне толькі за парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы – штраф да 740 рублёў. Але праз тры месяцы нельга будзе і захоўваць дрон, нават разабраўшы яго на часткі.

«Трэба разумець, што, калі гэтыя дроны так або інакш знойдуць, цалкам магчыма прыйдуць, скажуць: вы здымалі вяселлі ці дні народзінаў, вось была ў вас публікацыя з дрону – пакажыце куды вы падзелі свой дрон. За гэта можа быць пэўная адказнасць, бо мы выдатна ведаем, што Беларусь – тая краіна, дзе не да законаў», – кажа Аляксандр Казак.

Выданне «Newsgomel» апублікавала артыкул на падставе каментара гомельскай транспартнай пракуратуры. У ім адзначана, што заканадаўцы прапрацоўваюць узмацненне адказнасці за парушэнні з выкарыстаннем дронаў ажно да крымінальнай.

Вывозіць беспілотнік за мяжу таксама небяспечна, кажа Уладзімір Жыгар:

«Большая рызыка, што яго выявяць і забяруць. Большая рызыка, што, калі забяруць, ты трапіш на аловак і за табой будзе глядзець больш пільна ўся гэтая карная структура».

Таму нашыя эксперты раяць: калі няма магчымасці прадаць ці надзейна схаваць свой беспілотнік, то найлепшае выйсце – паламаць яго і выкінуць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»