Сабаленка ўзяла першы «Шлем»


Арына Сабаленка завяршае 2023 год на другім радку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Першая ракетка свету – полька Іга Сьвёнтэк. Сустрэчу ж спартовак на турніры ў Іспаніі, дзе перамагла беларуска, заўзятары прызналі матчам года. Да таго ж Сабаленка сёлета ўпершыню ў кар’еры перамагла ў турніры серыі «Вялікага шлема» – «Острэліян Оўпэн». Свой банкаўскі рахунак за 2023 год Арына папоўніла крыху больш чым на 8 мільёнаў долараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў беларускіх і расейскіх спартоўцаў да летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Аднак з вялікім шэрагам абмежаванняў. Напрыклад, нельга выступаць камандамі, атлетам забароняць выкарыстоўваць сцягі, гімны і сімволіку сваіх краінаў. Спартоўцам нельга падтрымліваць вайны ва Украіне і рэпрэзентаваць узброеныя сілы або сілавыя ведамствы. Як будуць правяраць атлетаў?

«Ёсць, прынамсі, нейкі план, каб вырашэнне гэтага пытання павесіць на нейкую міжнародную камісію. Але, паводле стану на цяперашні час, яшчэ няма механізмаў яе фармавання, нават да канца не вядома, хто будзе зацвярджаць яе склад», – распавёў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксей Котаў.

Парадавала сёлета сваіх заўзятараў менскае «Дынама», што ўпершыню з 2004 года заваявала залатыя медалі футбольнага першынства краіны.

«Спадзяюся, што гэта заканамерна. Футбалісты, каманда падабраная добрая, спадзяюся, што гэта было ўсё паводле спартовага прынцыпу. Я за іх рады», – адзначыў былы футбаліст ФК «Гарадзея», «Граніт», «Смаргонь» Андрэй Карбоўскі.

Ёсць думка, што прычынаю чэмпіёнства «бела-блакітных» быў скандал з дамоўнымі матчамі ў Беларусі, пасля якога пакаралі вінаватых. Таксама існуе версія, што руку да гэтага чэмпіёнства прыклаў і міністр спорту Сяргей Кавальчук.

«Гэты сезон мы пачыналі з навінаў пра дамоўныя матчы, пра зняцце балаў і чэмпіёнстваў. І калі паглядзець на ўсе гэтыя штукі, якія адбываліся на пачатку сезону, то шмат у каго ўжо былі думкі, што чэмпіёнства «Дынама» зараз будзе. У гэтым я бачу адміністрацыйны рэсурс», – кажа журналістка «tribuna.co» Сабіна Аліева.

Беларусь, пазбаўленая амаль усіх міжнародных спартовых турніраў, правяла сёлета ўлетку Другія Гульні краінаў СНД. У Менску падчас спаборніцтваў разгулялі ажно 246 камплектаў медалёў. У агульным заліку прадказальна перамагла Расея. Беларускія спартоўцы апынулася на другім радку, чым пацешылі гонар Лукашэнкі. Месцамі даходзіла да абсурду: няважна, як ты выступіў, аднак ужо з медалём. Гэтак адбылося ў цяжкай атлетыцы, калі ў адной вагавой катэгорыі былі заяўленыя толькі трое спартоўцаў, што аўтаматычна выводзіла іх усіх на подыум, двое з іх – беларусы.

Арына Сабаленка
Арына Сабаленка ў паўфінале «Wimbledon». ЎІмблдан, Злучанае Каралеўства. 13 ліпеня 2023 года.
Фота: Adrian Scottow / Flickr, CC BY-SA 2.0

Ілля Шкурын сваёй польскай карʼерай пераканаў шмат каго, што на сёння менавіта ён найлепшы футбаліст Беларусі, хоць нашая асацыяцыя так і не лічыць. На пачатку сезону ў польскай «Экстраклясе» ён быў невядомым нападнікам, які асудзіў вайну, палітычнае і прававое беззаконне ў Беларусі. Аднак ужо цяпер Шкурын – галоўная надзея клубу «Сталь» з Мельцу, адзін з найлепшых форвардаў чэмпіянату і кропка прыцягнення ўвагі каментатараў.

«Я Іллю Шкурына асабіста ведаю, мне вельмі імпануе ён як малады чалавек. Ён вельмі пісьменны, начытаны, інтэлектуальна развіты. Скажу шчыра, у сучасных беларускіх рэаліях гэта нячастая зʼява», – распавёў экс-дырэктар дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

Таксама Шкурына назвалі найлепшым гульцом польскага першынства па выніках лістапада – футбаліст мае ў сваім актыве хет-трык.

Баскетбольны клуб «Менск», больш вядомы пад назваю «Цмокі», – галоўны дастаўца антырэкордаў у Беларусі. У сёлетнім сезоне пад кіраўніцтвам Расціслава Вергуна нашая каманда прагуляла ўсе 16 матчаў у расейскім банкаўскім турніры – Адзінай лізе ВТБ. 14-га снежня настаўніка нарэшце звольнілі з клубу.

«Мяркуючы паводле сітуацыі ў краіне, танней і прасцей было звольніць трэнера і наняць іншага спецыяліста, каб з гэтымі ж гульцамі паспрабаваць выгуляць хоць некалькі матчаў. Звольніць трэнера лягчэй, чым дакупіць легіянераў, якія змаглі б паўплываць на вынік», – дадала экс-капітан зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна.

Сам Вяргун нядоўга быў беспрацоўным і ўжо ўзначаліў «Уралмаш» з Екацярынбургу. А ягонага асістэнта ў сталічным клубе Аляксея Сухавецкага прызначылі выканальнікам абавязкаў галоўнага трэнера. Дэбют аказаўся змазаным: «Менск» з Сухавецкім прагуляў усе тры свае снежаньскія сустрэчы і па-ранейшаму замыкае турнірную табліцу Лігі.

Напрыканцы свае вынікі года для нашага каналу падвёў чэмпіён свету і Еўропы па самба, вольны спартовец Сцяпан Папоў. У ягоным актыве дыплом за жэст у духу сумленнай барацьбы за тое, што ён вынес апанента на сваіх плячах з дывана, калі праціўнік атрымаў траўму і не мог самастойна рухацца.

«Займацца спортам, уздымаць гантэлі, бегаць, скакаць можа кожны. Для мяне спорт – гэта больш, гэта чалавек, які не толькі мае мускулы, але яшчэ і мае розум. Таксама ён павінен натхняць іншых людзей на добрыя справы. Таму цяпер у Беларусі такіх спартоўцаў быць не можа пры гэтай дзейнай уладзе», – удакладніў чэмпіён свету і Еўропы па самба, вольны спартовец Сцяпан Папоў.

Першым буйным турнірам у новым, 2024-м годзе будзе Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе. Спаборніцтвы на кортах Мельбурну, дзе выступіць і шэраг беларусаў, стартуюць 14-га студзеня.

Павел Алейнікаў, «Белсат»