Колькі беларусаў знаходзяцца за рысаю беднасці?


Больш за трыста дваццаць тысяч беларусаў жывуць за рысаю беднасці – 3,5 % насельніцтва краіны. Такія дадзеныя прыводзіць Белстат. Найбольш бедных, паводле дзяржаўнага ведамства, у Магілёўскай і Гомельскай вобласцях, затым ідуць Віцебшчына і Берасцейшына, а пасля – Гарадзеншчына і Меншчына. Сталіца, вядома, найзаможнейшая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паказнік Белстату гадамі вагаецца прыкладна на адным узроўні. Быццам бы і не такі вялікі адсотак бедных грамадзянаў. Але гэта калі сур’ёзна ўспрымаць метадалогію, што выкарыстоўвае ведамства. І сам той факт, што бюджэт пражыткавага мінімуму, ніжэй за які пачынаецца афіцыйная беднасць, складае сёння крыху больш за $ 115 у эквіваленце. Гэта Br 367,79 на чалавека за месяц.

«Трэба, з пункту гледжання палітыкі, не адмаўляць, што беднасць прысутнічае. З другога боку, паказваць, што беднасці не так ужо і шмат, як можа камусьці здалося. Ці нармальна, што людзі атрымваюць 115 долараў? Ненармальна. Але ненармальна для чаго? Для выжывання? Ну, больш чым дастаткова. А для нармальнага жыцця? Не, недастаткова», – кажа эканаміст Дзмітрый Патапенка.

Сапраўды, Белстат падае свае лічбы пераважна на падставе абіральнага даследавання ўзроўню жыцця шасці тысяч хатніх гаспадарак. Уся статыстыка базуецца на канцэпцыі так званай абсалютнай беднасці. То бок калі асоба не можа сабе дазволіць мінімальны шэраг тавараў і паслугаў.

Аднак ёсць і іншыя спосабы падліку. Напрыклад, метад адноснай беднасці. Паводле яго, фінансавыя здольнасці асобы параўноўваюцца са стандартам жыцця, што склаўся ў канкрэтным грамадстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грошы.
Фота: Белсат

«Паводле самых сціплых разлікаў, людзей, якія ў Беларусі за рысай беднасці і ў якіх даход не гэтыя жабрацкія 115 долараў, а хоць бы 300-350… Я ўпэўнены, што мы з вамі выйдзем на лічбы каля 30 %. Гэта будуць некалькі мільёнаў чалавек. Гэта будзе рэальнасць. Усё астатняе – у рамках феадальнай сістэмы пераразмеркавання: у кагосьці густа, а ў кагосьці пуста зусім», – дадае Дзмітрый.

Акрамя таго, нават паводле таго ж Белстату на харчаванне ў грамадзянаў ідзе амаль 40% даходаў. На ўмоўнае абуцца-апрануцца – амаль траціна прыбыткаў. Пастрыгчыся, атрымаць медычныя паслугі ды іншае – яшчэ амаль чвэрць. За камуналку аддаюць больш за шэсць адсоткаў.

Для параўнання: у нашых заходніх суседзяў доля выдаткаў на ежу – каля 20%. А ў адной з найбяднейшых краінаў Еўразвязу, Румыніі, гэты паказнік на 5% большы.

Названыя экспертам лічбы пацвярджаюць і разлікі паводле методыкі Сусветнага банку на падставе цаны базавых патрэбаў. То бок за рысаю беднасці могуць выжываць каля трох мільёнаў беларусаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»