У розных краінах адзначаюць Вялікую Пятніцу


Іерусалім. Тут, на гары Галгофа, каля дзвюх тысячаў гадоў таму памёр на крыжы Ісус Хрыстос. Сёння вуліцамі гораду праходзіць крыжовы шлях, у якім бяруць удзел людзі розных канфесіяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пратэстанты, армяне, праваслаўныя, каталікі, юдэі, мусульмане – усе жывуць разам і ідуць сваім шляхам. І я спадзяюся, што аднойчы, дзеля хвалы Бога і нашага Збаўцы Езуса, Месіі, я спадзяюся, што аднойчы ўсе гэтыя падзелы аб‘яднаюцца славаю Боскаю», – кажа пілігрым у Іерусаліме Рафаэль Чавэс.

На іншым канцы свету, у Аўстраліі, мясцовыя вернікі аднымі з першых сёння сустрэлі Вялікую Пятніцу. Крыжовы шлях, малітвы ў каталіцкіх і англіканскіх храмах.

Велічная працэсія, якая нагадвае аб пакутах Хрыста, прайшла вуліцамі іспанскай Малагі напярэдадні.

«Тым, хто не ведае пра Вялікі тыдзень, я магу патлумачыць, што гэта самае глыбокае пачуццё, якое мы, тутэйшыя людзі, носім у сабе. Для нас глядзець на абраз – гэта не толькі глядзець на Багародзіцу ці бачыць Бога, гэта значыць бачыць нашых дзядоў, нашую сям‘ю, успаміны нашага дзяцінства, нашую зямлю, гісторыю, шмат чаго», – дзеліцца прадавец з Малагі Рафа Пародзі.

Прыгадалі смерць Збаўцы і ў лацінаамерыканкскай Гватэмале. Вось ужо амаль пяцьсот гадоў напярэдадні Вялікай Пятніцы людзі ў фіялетавых плашчах выходзяць на вуліцы гораду Антыгуа:

«Мы – сям‘я з васьмі-дзесяці асобаў, якія нясуць статую Езуса. Мы робім гэта, змяняючы адно аднога. Сёння асаблівы дзень для нашай сям‘і, бо мы яшчэ і ўзгадваем нашыя пакаленні, што атрымалі ў спадчыну спачуццё Езуса Назараніна», – кажа удзельнік працэсіі ў Антыгуа Браян Кабрэра.

Каталіцкую веру сюды прынеслі іспанскія місіянеры. Але ў мясцовым адзначэнні засталіся абрады плямёнаў Мая.

«Я моцна ўражаная. Ніколі не бачыла нічога падобнага, гэта вельмі прыгожа і ўзрушальна, маляўніча і гістарычна. Гэта надзвычайнае месца, у якім можна пабываць падчас Вялікага тыдня», – гаворыць турыстка з ЗША Мэры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Архікафедральны сабор Святога Юра ў Львове, Украіна. 23 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Вернікі ў Беларусі акурат у гэтыя хвіліны адзначаюць набажэнствы Вялікай Пятніцы. Сёння партал «catholic.by» паведаміў аб вяртанні ў Будслаў старадаўняга абраза П’ета. А вось у Баранавічах сёлета прэцэдэнт. Там на мінулым тыдні гарадскія ўлады без тлумачэння прычыны забаранілі каталікам правесці крыжовы шлях.

«Здзівіла мяне гэтая навіна, таму што я сам родам з Баранавічаў, і з майго роднага касцёлу заўсёды выходзіў гэты крыжовы шлях. І не раз я сам у ім удзельнічаў як вернік, яшчэ не святар. І, напэўна, мне спадарожнічае радасная думка, таму што чым больш Касцёл прыгнятаюць, тым больш ён дае свае плады», – адзначае ксёндз Зміцер Прыступа.

Святар нагадвае: за ўкрыжаваннем і смерцю Ісуса Хрыста прыходзіць Уваскрасенне. Вялікдзень – ужо ў гэтую нядзелю. Вернікі ідуць на споведзь, а таксама рыхтуюць святочныя стравы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»