Каталікі і пратэстанты свету рыхтуюцца да Вялікадня


Чысты Чацвер у вернікаў: каталікоў і пратэстантаў. Традыцыйна ў гэты дзень хрысціяне старанна прыбіраюцца ўдома, мыюць адзенне і мыюцца самі. Гэта напамінак пра Таемную вячэру, калі Ісус Хрыстос сабраў апосталаў на апошнюю вячэру і абмыў ім ногі на знак братэрскай любові. Фактычна менавіта цяпер пачаліся велікодныя святкаванні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Папа Рымскі Францішак у Чысты Чацвер, паводле традыцыі, памыў ногі ўцекачам. А ў прамове ён вызначыў галоўныя памкненні хрысціянаў свету цяпер:

«Браты і сёстры, памолімся за мір. Няхай Бог дасць супакою пакутніцы-Украіне, якая так цярпіць ад бамбаванняў. Просім таксама міру для Ізраілю і Палестыны. Няхай Бог падорыць нам усім мір і супакой у гонар сваёй Пасхі».

На поўначы Літвы ў горадзе Шэдува ёсць цудоўная традыцыя: двор дзіцячага садка ўпрыгожваюць пісанкамі. Сёлета развесілі каля 10 000 гэткіх велікодных сімвалаў. Увесь горад штогод далучаецца да гэтай традыцыі, і нават з-за мяжы дасылаюць яйкі, упрыгожаныя на розныя спосабы.

Харвацкая Капрыўныца таксама можа пахваліцца адметнай традыцыяй. Мясцовыя мастакі распісваюць гіганцкія яйкі простымі, але вельмі маляўнічымі сюжэтамі. Перадвелікодная выстава «Пісанка ад сэрца» праходзіць ужо 17 гадоў і паспела пабываць у шмат якіх гарадах на розных кантынентах: у Будапэшце, Варшаве, Берліне, Вене. Самым далёкім пунктам пакуль застаецца Нью-Ёрк. Апроч таго, гэтыя яйкі з вялікім поспехам дэманструюць, вядома ж, у розных гарадах і муніцыпалітэтах Харватыі.

У Вугоршчыне гаспадыні і гаспадары адправіліся ў крамы па велікодныя прысмакі. Каўбасы і кумпякі, садавіна і гародніна, слодычы і выпечка – усё прыдасца да святочнага стала. Абавязкова – шакаладны трус, сімвал Вялікадня. Найлепшы падарунак і дзецям, і дарослым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фарбаванне велікодных яек. Варшава, Польшча. 14 красавіка 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Святочныя кірмашы адкрыліся і ў Румыніі. Людзі ахвотна купляюць традыцыйныя нацыянальныя прысмакі: вяндліну, скваркі, сыры ды іншае. Жыхар гораду Меркура-Чук – у захапленні:

«Тут столькі смакоцця! Я падыходжу да кожнага прылаўка і купляю ўсё, што мне падабаецца. Усе тавары цудоўныя!»

Асаблівая забава для дзяцей – майстар-клас упрыгожвання яек: курыных, качыных, індычыных і нават страусіных. Рыхтавацца да такіх кірмашоў пачынаюць за паўгода. І іх вельмі чакаюць, не менш, як самога свята.

У сталіцы Эквадору – Кіта – правялі рытуал «Перацягванне накідкі». Кожная дэталь тэатралізаванай дзеі мае глыбокі сэнс, у тым ліку дзіўныя доўгія чорныя накідкі, у якія захуталіся ўдзельнікі імпрэзы.

«Яны апранулі доўгія плашчы з хвастамі, якія адлюстроўваюць людскія грахі», – патлумачыў сакратар архідыяцэзіі г. Кіта айцец  Гілбэрт Хімэнэс.

А чырвоны крыж на чорным сцягу ў руках арцыбіскупа сімвалізуе кроў Ісуса і жалобу па ім. Гэты рытуал з’явіўся яшчэ ў час Рымскай імперыі, а ў Эквадоры яго ладзяць прыкладна з шаснаццатага стагоддзя.

У заапарках Нямеччыны і Чылі зладзілі свята для гадаванцаў. Велікоднымі яйкамі ласуюцца мядзведзі, львы, лемуры, малпы. Вельмі зручна: і смаката, і цацка.

Марына Яновіч, «Белсат»