Два памежныя пераходы паміж Літвой і Беларуссю спыняюць сваю працу


На два памежныя пункты пропуску меней. Апоўначы Літва спыняе працу пераходаў «Лаворышкес» і «Райгардас» на мяжы з Беларуссю. Абгрунтоўваюць гэтую пастанову нацыянальнаю бяспекаю і кантрабандаю з Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Як вядома, кантрабанда – крыніца фінансавання рэжыму ў Беларусі, бо яна падкантрольная Лукашэнку і ягонаму атачэнню. Для нас вельмі важна гэта спыніць. Закрыццё пунктаў дазволіць нам лепш кантраляваць ажыццяўленне санкцыяў», – тлумачыць міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Пераходы «Шумскас» і «Твярачус» літоўскія ўлады закрылі летась у жніўні, у тым ліку праз размяшчэнне ў Беларусі наймітаў-вагнэраўцаў. Такім чынам, цяпер між дзвюма краінамі будуць дзеяць толькі два пераходы з шасці наяўных – «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай». Але і на іх закрываюць магчымасць праходу мяжы для пешых і раварыстаў.

Падарожнікі ў Беларусь кажуць:

«Будуць чэргі вялікія, будзе цяжка пераехаць мяжу».

«Менш праехаў – менш зарабіў, таму адмоўна ставімся да закрыцця мяжы».

«Мы з малым дзіцём цяпер стаім шэсць гадзінаў, а што далей будзе?»

Пераважна адмоўна ставяцца да закрыцця мяжы і мясцовыя літоўцы:

«Кепска, як тут ставіцца? Агулам можа заслону закрыем і будзем сядзець у скрынцы?»

«Лепш было б, каб прыязджалі людзі з Беларусі і нашыя туды ехалі, бо сваякі ёсць. Можа, закрыццё мяжы не вельмі добра».

Паводле прэс-службы Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, частку працаўнікоў мытні і абсталявання перавядуць у тыя пункты, якія яшчэ працягваюць дзеяць. Беларускія ж памежнікі вінавацяць літоўскіх калегаў у павольнай працы і сцвярджаюць што з закрыццём двух пераходаў колькасць фураў, якія літоўскі бок запускаў у краіну, зменшыцца на сорак адсоткаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: State Border Guard Service / Lithuania / Twitter

«Пад маркай забеспячэння выканання міжнародных санкцыяў і зніжэння рызыкаў бяспекі літоўскія ўлады маюць на мэце скарачэнне плыні грамадзянаў, транспарту і тавараў праз літоўска-беларускую мяжу», – гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Літоўскі бок падкрэслівае, што праз мяжу пераважна ездзяць беларусы. А летась праз аўтамабільныя пункты пропуску прайшлі кантроль амаль чатыры мільёны асобаў, што на чвэрць больш у параўнанні з папярэднім годам. Закрыццё ж двух пунктаў прывядзе да павелічэння чэргаў.

«Будзе залежаць ад агульнай плыні грузаў і таксама ад таго, ці ўвядуць новыя санкцыі супраць аўтарытарных рэжымаў суседніх краінаў. Будзе цяжка. Натуральна, што ўмовы мінання дзяржаўнай мяжы будуць пагаршацца», – кажа кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас.

З закрыццём двух літоўскіх пераходаў на мяжы Беларусі з Еўразвязам застаецца толькі пяць дзейных пунктаў пропуску з чатырнаццаці. Апроч таго, аб’яднаная Еўропа збудавала агароджы на межах ды размяшчае абсталяванне для назірання, каб пераадолець плынь нелегальных мігрантаў, арганізаваную лукашэнкаўскім рэжымам. Але заслона гэтая не «жалезная», а хутчэй «грашовая», зазначае палітолаг Вадзім Мажэйка:

«Цяпер кожны беларус, у каго ёсць некалькі тысяч еўраў, можа лёгка аформіць сабе шэнген праз візавую агенцыю і паляцець у Еўропу праз Стамбул або Дубай. А напрыклад, бацькі былых палітвязняў, якія ездзяць да іх у Вільню ці Варшаву, яны часцяком не надта заможныя і не надта карэктна, што на іх у першую чаргу такія абмежаванні адбіваюцца».

Лукашэнкаўскі рэжым пагражаў жорсткім адказам на закрыццё пераходаў, на чым ён будзе палягаць – пакуль невядома.

Крытэрам аднаўлення працы памежных пераходаў Літва называе агульную сітуацыю бяспекі ў рэгіёне і ў тым ліку – сітуацыю на мяжы. Але абяцае, што гуманітарны калідор для ўцекачоў ад рэжыму дзее незалежна ад закрыцця пераходаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»