Мігранцкі крызіс працягваецца. Што вядома?


«Бесчалавечная палітыка Варшавы». Сюжэт з такою назваю выйшаў на дзяржаўным канале ОНТ. У ім прапагандысты абвінавачваюць нашых заходніх суседзяў у гібелі сарака зуброў. Звяры, нібыта, загінулі праз вялікі плот, які пабудавалі краіны-суседзі на мяжы з Беларуссю. Хто ж вінаваты ў тым, што плынь нелегальных мігрантаў вымусіў да такіх захадаў, у сюжэце замоўчваецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Працягласць мяжы Беларусі ды Еўразвязу – тысяча дзвесце пяцьдзясят (1250) км. Праз гэты рубеж толькі ў сакавіку спрабавалі незаконна пераправіцца амаль тры з паловаю тысячы мігрантаў, а з пачатку года – амаль сем з паловаю тысячаў.

«Цяпер уся мяжа з Беларуссю на ўсёй яе працягласці забяспечаная тэхнічнымі сродкамі і фізічнымі інжынерна-тэхнічнымі збудаваннямі. У цяперашні час мы цалкам кантралюем мяжу», – сказаў кіраўнік літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас.

З пачатку года літоўскія памежнікі не пусцілі ў краіну 630 нелегальных мігрантаў. За мінулы год – больш за адзінаццаць тысячаў. А з пачатку крызісу, са жніўня 2021 года, у Літву спрабавалі нелегальна трапіць амаль 20 тысяч мігрантаў.

«Усе групы, якія затрымліваюць зараз ля мяжы з Беларуссю, выціскаюцца з беларускага боку. Але мы не бачым вельмі актыўных дзеянняў каля дзяржаўнай мяжы. Нелегальных мігрантаў адвозяць машынамі да нашай мяжы і далей іх выштурхваюць», – дадаў Рустамас Любаевас.

Але пакуль літоўскія памежнікі не фіксуюць правакацыяў з боку мігрантаў ці беларускіх калегаў. Хаця адзначаюць, што пачасціліся патрулі з беларускага боку.

Найбольш спробаў трапіць у Еўразвяз мігранты робяць праз амаль 400 кіламетровую Беларуска-польскую мяжу. За апошнія суткі сюды спрабавалі незаконна прабрацца 97 мігрантаў, а з пачатку года такіх спробаў было 5.5 тысяч. У краіне таксама затрымалі грамадзян Грузіі, якія ў сваім фургоне перавозілі выхадцаў з Афганістану і Пакістану, і жыхароў Малдовы, якія дапамагалі перасячы мяжу чатыром замежнікам з Емену.

Міграцыйны крызіс разгарэўся ў 2021 годзе. Перадусім мігранты паходзілі з краінаў Азіі і Афрыкі.

«Мы чакаем, што найбліжэйшым часам спробаў нелегальнага пераходу будзе больш. Мы чулі, што публічна заяўляў Лукашэнка, што будуць адкрытыя новыя авіямаршруты, а менавіта – палёты з Ірану. Пакуль мы не бачым, каб мігранты, якія прыбылі непасрэдна ў Беларусь, спрабавалі перайсці мяжу. Можа быць, пабачым гэта днямі. Мы гатовыя», – заявіў прэс-сакратар польскай Памежнай аховы Анна Міхальска.

Спрыяць павелічэнню нелегальных мігрантаў будзе ў тым ліку надвор’е.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»