Як Лукашэнка падаў на міжнароднай арэне


Год, які сыходзіць, быў кепскім не толькі для дабрабыту беларусаў. Нашыя стасункі з суседзямі працягнулі пагаршацца – у выніку дзеянняў Лукашэнкі і запрошаных да нас расейцаў. Затое Аб‘яднаны пераходны кабінет мае стратэгічныя дасягненні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка перастаў насіць тытул апошняга дыктатара Еўропы, бо цяпер яго ўзгадваюць разам з Пуціным. Але і пераканаць увесь свет, што з ім варта мець справу, за 2023-ці год у яго дакладна не атрымалася. Не дапамог і новы міністр замежных справаў Сяргей Алейнік. Рэжым не прайшоў у Раду Бяспекі ААН, да чаго рыхтаваўся гадамі, і не ўвёў Беларусь у Шанхайскую арганізацыю бяспекі, дзе Лукашэнка спадзяваўся знайсці азіяцкія інвестыцыі.

«Не, не здолела знешняя палітыка РБ гэтага дасягнуць. І тое самае па галасаванню ў Радзе бяспекі (ААН). Там рэжым прайграў Славеніі», – адзначае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Лукашэнка застаўся амаль невыязным, калі глядзець па замежных візітах. Найбольшы поспех – паездка ў Дубай на Міжнародны кліматычны саміт, паскардзіцца на санкцыі.

«ААЭ, асобныя краіны Афрыкі, Кітай і Іран. Гэта калі казаць пра візіты. Калі параўнаць, скажам, з лідарамі дэмакратычных сілаў, тут выглядае, як вынас у адну браму», – падкрэслівае Яўген Красулін.

Дэмакратычныя сілы Беларусі ў цэлым і Святлана Ціханоўская ў прыватнасці за 2023-ці год перавялі свае сувязі з наймацнейшымі краінамі свету на ўзровень інстытуцыяў, то бок дэ-факта сталі партнёрамі ў міждзяржаўных перамовах.

«Тут і з Еўразвязам, і з Радай Еўропы, і Стратэгічны Дыялог з ЗША. Ствараюцца інстытуцыі, якія на стабільнай, пастаяннай аснове будуць развіваць адносіны. Святлана Ціханоўская сустрэлася з вялікай колькасцю сусветных палітыкаў», – нагадвае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Менск, Беларусь. 10 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Прычыны гэтага – у тым ліку стратэгічныя памылкі Лукашэнкі. Ён сам запрасіў у Беларусь наймітаў «Групы Вагнэра» і пагражаў, што адправіць іх на Жэшуў і Варшаву. Ён жа запрасіў і расейскіх вайскоўцаў з тактычнай ядравай зброяй.

«Ядравая зброя з’явілася ў Беларусі, што вельмі моцна вядзе да рызыкі ўзмацнення кантролю Расеі над Беларуссю», – нагадвае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

«Удзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны застаецца вельмі актыўным. Лукашэнка адыгрывае важную ролю ў тым, каб РФ атрымлівала перавагу перад Украінай. І не заўжды ціск заходніх краінаў на Лукашэнку эфектыўны», – тлумачыць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

Добрая навіна 2023-га: беларускія вайскоўцы не ўступілі ў баявыя дзеянні супраць Украіны, а беларускія партызаны пашкодзілі лятучы радар – самалёт А-50 у Мачулішчах і ўзарвалі чыгунку БАМ, якой Расея перакідвала снарады на фронт. Кепская навіна: Лукашэнка ўсё больш аддае Беларусь пад кантроль Масквы.

«Мы вельмі шмат часу і ўвагі надаем таму, каб мабілізаваць падтрымку заходніх краінаў, каб рэакцыя на ўмяшальніцтва РФ у беларускія справы, ці нават на тое, што яна спрабуе падпарадкаваць нашую краіну сваім інтарэсам, каб рэакцыя краінаў Захаду была больш выразнай і больш практычнай», – распавядае Валер Кавалеўскі.

Яшчэ адна важная асаблівасць: за 2023-ці год Аляксандр Лукашэнка асабіста паказаў сваім калегам па дыктатурах, што знаходзіцца ў кепскім фізічным стане. Ён не мог хадзіць пасля параду ў Маскве і перад сустрэчай кіраўнікоў СНД у Санкт-Пецярбурзе. Пуцін, Рахмон і Такаеў асабіста бачылі, што ў Лукашэнкі трасецца галава. Гэтае відэа – з афіцыйных прэс-службаў сяброў Лукашэнкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»