На свяце ў Лукашэнкі – украінскія дзеці. Кіеў кажа, гэта можа быць часткаю генацыду


На ранішніку ў Палацы Рэспублікі Лукашэнка прымаў украінскіх дзяцей. Маўляў, гэта нашыя дзеці, якія бягуць ад вайны. З пункту гледжання афіцыйнага Кіева гэта не дзеці бягуць ад вайны, а рэжымы Пуціна і Лукашэнкі незаконна вывозяць украінскіх дзяцей, каб ператварыць іх у грамадзянаў Расеі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы робім усё, каб дзеці, якія бягуць ад вайны, тут пачуваліся як удома. А такіх нямала», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускія, расейскія, палестынскія, латышскія і ўкраінскія дзеці прысутнічалі на сённяшнім ранішніку ў Палацы Рэспублікі. Усіх іх Лукашэнка называе «нашымі». На думку ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дмытра Лубінца, украінскіх дзяцей трымаюць на тэрыторыі Беларусі толькі з адною мэтаю – схаваць сляды прымусовага вывазу непаўналетніх у Расею:

«Выяўленне факту дэпартацыі і верыфікацыя дзіцяці – гэта карпатлівая праца. Нам трэба выявіць, хто ўзяў дзяцей, адкуль, як ён іх прывёз на тэрыторыю Расеі. А калі гэта адбываецца праз тэрыторыю Беларусі, як знайсці такую інфармацыю на яе тэрыторыі? Максімальна складана».

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое шчыльна займаецца расследаваннем незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, акцэнтуе, што іх спачатку вывозяць у Расею, і толькі пасля – у Беларусь.

«Дзяцей вывозяць у горад Растоў-на-Доне, а пазней з Растова яны накіроўваюцца на тэрыторыю Беларусі, дзе іх трымаюць у часовых месцах перабывання. Дзе адбываецца ў дачыненні іх пераадукацыя і вайсковая, мілітарная адукацыя – і гэта ёсць фактам злачынства», – тлумачыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле НАУ, з леташняга верасня да сёлетняга лістапада ў Беларусь былі вывезеныя больш як тры тысячы ўкраінскіх дзяцей.

«Проста Пуцін выкарыстоўвае ўсё. І ён плануе гэта, свядома далучае да гэтага рэжым Лукашэнкі. Гэта частка ягонага падыходу, калі рэжым Лукашэнкі таксама мусіць быць у крыві, агні, злачынствах, каб нікуды не мог падзецца», – зазначае дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка.

З беларускага боку ўзаемадзеяннем з адміністрацыямі акупаваных украінскіх тэрыторыяў з 2021 года займаецца фонд праўладнага актывіста Аляксея Талая. Сам ён кажа, што за гэты час вывез з Данбасу ў Беларусь тысячы дзяцей. Днямі былы параалімпіец заявіў, што цяпер збіраецца прывезці ў Беларусь дзяцей з акупаванай Херсонскай вобласці. Дзеля свайго апраўдання на абвінавачанні ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей Талай кажа наступнае: «У нас іншых варыянтаў няма, гэта ў нашай душы, у нашым сэрцы. Гэта нашыя дзеці – яны размаўляюць, як і мы, на расейскай мове, яны праваслаўныя людзі».

Украіна, ААН, ПАРЕ ды іншыя міжнародныя арганізацыі ўглядаюць у вывазе ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі гвалтоўную дэпартацыю непаўналетніх. І, адпаведна, уважаюць гэта за генацыд.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 3 красавіка 2023 года.
Фота: talai_fond / Instagram

«Гэта ваеннае злачынства паводле ўсіх нормаў міжнароднага заканадаўства. А таксама частка генацыду – то бок найстрашнейшага, наймацнейшага злачынства з усіх магчымых. І менавіта таму на Пуціна быў выпісаны ордар на арышт за арганізацыю гэтага», – тлумачыць дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка.

У дачыненні самога Лукашэнкі такія захады пакуль не ўводзіліся, пацярпеў толькі Беларускі Чырвоны Крыж. Фармальна праз адмову арганізацыі зняць з пасады кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова, які наведаў акупаваныя Лісічанск і Марыупаль, Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў чалецтва беларускага таварыства. Раней Шаўцоў прызнаў удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь на аздараўленне.

«Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа парушыла прынцыпы нейтральнасці і бесстароннасці ў сваёй дзейнасці, што ёсць базавымі прынцыпамі Чырвонага Крыжа. Што да Шаўцова, ён фактычна нанёс рэпутацыйную шкоду міжнароднаму руху Чырвонага Крыжа», – зазначае кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Павел Латушка з камандай НАУ займаюцца давядзеннем крымінальнай адказнасці самога Лукашэнкі і ягоных хаўруснікаў за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Доказы злачынства яны перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Аліна Скрабунова, «Белсат»