Міністр прагаварыўся: круглы лес актыўна прадаюць за мяжу


Лес сякуць – трэскі ляцяць. У літаральным сэнсе. Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік рапартуе пра аб’ёмы продажаў за мяжу: «У мінулым месяцы мы дасягнулі гістарычнага дасанкцыйнага максімуму: круглых лесаматэрыялаў мы рэалізавалі на экспарт 800 тысяч кубаметраў, піламатэрыялаў – 90 тысяч кубаметраў. Такога ў гісторыі лясной гаспадаркі не было».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

800 тысяч кубаметраў дзелім на 50 – менавіта столькі кубоў кругляка дыяметрам 25 сантыметраў у сярэднім змяшчаецца ў таварным паўвагоне. Пасля памнажаем на даўжыню такога вагона, 12 метраў. Атрымаем лічбу 192 тысячы метраў. То бок цягнік з круглымі лесаматэрыяламі на экспарт расцягнецца на 192 кіламетры. Умоўна – ад Менску да Магілёва.

«Раней круглы лес выключна перарабляўся на ўнутраным рынку, перапрацоўваўся і прадаваўся ў выглядзе піламатэрыялаў у краіны Еўрапейскага Звязу», – зазначае эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Лес-кругляк каштуе ў разы менш, чым зробленыя з яго дошкі ці брусы. Гэтак, глядзім цэны на сайце Рэчыцкага лясгасу. Круглыя лесаматэрыялы хвойных пародаў, сорт B, дыяметр 26 і больш сантыметраў. Кошт – 93 рублі і 60 капеек за кубічны метр. А вось кошт дошак з умоўна гэтага ж дрэва:

«Першы сорт, калі таўшчыня 50 міліметраў, будзе 488 рублёў 80 капеек», – паведамілі нам у лясгасе.

Купляюць у нас драўніну за капейкі, а пасля прадаюць нам зробленую з яе ж мэблю. Гэтак наракаў Лукашэнка на краіны Захаду. З 2018 экспарт круглых лесаматэрыялаў забаранілі.

«Некалькі гадоў таму мне прэзідэнт сказаў: калі хоць адзін куб драўніны ў круглым выглядзе выедзе за межы рэспублікі, персанальна адказваеш галавою. Таму я абсалютна адказна заяўляю: ні аднаго куба драўніны з краіны не вывозіцца», – казаў дзяржаўным журналістам два гады таму тагачасны міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа.

Праз паўгода пасля гэтага інтэрвʼю міністра затрымалі за карупцыю. А лес-кругляк як вывозілі, так і вывозяць. З асабістага дазволу Лукашэнкі.

«Не купляюць у тых абʼёмах піламатэрыялаў, у якіх неабходна, то бок якія перапрацоўваюцца на ўнутраным рынку, і было прынятае рашэнне, што ўсё-такі нейкія квоты выдзяляць для таго, каб нарошчваць экспарт», – мяркуе Аліса Рыжычэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спілаваныя дрэвы.
Фота: Белсат

Летась у чэрвені Белстат засакрэціў лічбы экспарту, у тым ліку лясной прадукцыі. Паводле ж апошніх звестак, з траўня 2022, за першы квартал Беларусь прадала драўніны і вырабаў з яе на 536,5 млн долараў. Асноўныя пакупнікі – краіны Еўразвязу. Але ў другім квартале Брусель уключыў драўніну з Беларусі ў новы пакет санкцыяў. Паводле звестак Еўрастату, імпарт з Беларусі абваліўся ў 30 разоў.

Цяпер жа беларуская прадукцыя едзе на ўсход: у Кітай, Іран, краіны Цэнтральнай Азіі. Адметна, што пасля ўвядзення санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі моцна нарасцілі экспарт лесаматэрыялаў у Еўразвяз не самыя лясныя краіны, Казахстан і Кыргызстан. Адкуль жа драўніна?

«Беларусы альбо мясцовыя бізнесоўцы ствараюць фірмы-пракладкі ў Казахстане, у Кыргызстане і вывозяць быццам бы казахскую ці кыргызскую драўніну ў ЕЗ. Бо Казахстан і Кыргызстан не знаходзяцца пад санкцыямі. То бок беларускую прадукцыю выдаюць за прадукцыю іншых краінаў», – кажа журналіст-расследавальнік Аляксандр Ярашэвіч.

А значыцца, лес сякуць – гандаль ідзе. Пры гэтым пры любой нагодзе чыноўнікі падкрэсліваюць: да лесу ставімся ашчадна.

А на месцы старых дрэваў садзім новыя.

«Тое, што яны сёння высекуць, нарасце не заўтра, а паслязаўтра. Як ужо ведаем, гэта трэба, каб толькі ўнукі калісьці пабачылі тыя лясы, якія цяпер садзяць», – упэўненая эколаг, былая навуковая работніца Прыпяцкага запаведніку Інэса Балоціна.

У 2017 годзе ў Беларусі запрацаваў новы Лясны кодэкс. Паводле дакументу, з 50 % да 70 % павялічылі плошчу так званых эксплуатацыйных лясоў. Зменшыўся і ўзрост дрэваў, якія можна высякаць.

Алесь Яшчанка, «Белсат»