Што адбываецца ў футбольным каралеўстве БАТЭ?


Былому флагману беларускага футболу, барысаўскаму БАТЭ, усё яшчэ нядобра. Няма паспяховых вынікаў на беларускай і міжнароднай арэне. План развіцця не падпісаны, поўнага дзяржаўнага фінансавання клуб не мае. У кулуарах нават ідзе гутарка пра змену ўладальніка: замест Андрэя Капскага, магчыма, прыйдзе вядомы беларускі бізнесовец, блізка звязаны са спортам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

БАТЭ ў турнірнай табліцы нашага футбольнага першынства пакуль толькі шосты. У матчы перанесенага шаснаццатага туру барысаўцы саступілі «Гомлю» адзін-два.

«13 тысячаў умяшчае стадыён, хай усе крычаць, каб мяне адправілі ў адстаўку. Але галоўнае, каб усе гэтыя 13 тысяч сабраліся, гэтага я больш за ўсё хачу», – зазначыў галоўны трэнер ФК БАТЭ Кірыл Альшэўскі.

Сёлета клубу давялося прадаць шэраг лідараў каманды: Александара Філыпавіча, Арцёма Шуманскага, Захара Волкава, Максіма Валадзько.

«Пакуль абсалютна не відаць, з чаго будзе нейкае прасвятленне, з чаго БАТЭ атрымае нейкі прагрэс. У каманды няма ні сур’ёзных грошай, ні сур’ёзнай стратэгіі. Наўрад ці сітуацыя палепшыцца, калі не здарыцца нейкіх зменаў, магчыма, у адміністрацыі клубу», – падкрэсліў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Больш за пяць гадоў мінула, як пайшоў з жыцця Анатоль Капскі, які стварыў сапраўдную футбольную імперыю пад назваю БАТЭ. Былі перамогі над «Баварыяй», «Ромай», цяпер мы бачым, што клуб ператварыўся ў сярэднячка, нават у межах беларускага першынства.

«Грошы закончыліся, што былі заробленыя за кошт удзелу ў еўракубках. БАТЭ выгульваў шмат чэмпіянатаў, бо быў вельмі моцны калектыў. Усё гэта – дзякуючы Капскаму-старэйшаму, ягоным якасцям, ягонаму разуменню футболу і плюс ягоным магчымасцям», – зазначыў былы футбаліст Яўген Вяроўка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўфінал Кубку Беларусі, гуляюць «БАТЭ» і «Нёман». Горадня, Беларусь. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Fcbate.by

БАТЭ фармальна не мае дзяржаўнага ўладальніка. Клуб да гэтага часу не падпісаў плану развіцця, што перашкаджае паступленню бюджэтных грошай. Ці забяруць кіраўніцтва клубам у Капскага-малодшага? У спартовых колах не выключаюць, што БАТЭ пяройдзе пад кіраванне бізнесоўца Уладзіміра Япрынцава.

«Япрынцаў – так, яму хочацца медыйна сябе праявіць. Ён заўсёды быў у ценю, цяпер спрабуе сябе паказаць. Навязаць камусьці магчымую канкурэнцыю. Толькі я не ведаю, дзе яны будуць браць фінансаванне, але гэта ўжо іншае пытанне», – падкрэсліў былы футбаліст Яўген Вяроўка.

«Цяпер “Дынама” карыстаецца адміністрацыйным падтрыманнем і за кошт яго лідаруе. Але гэтая сітуацыя таксама можа змяніцца. Мы размаўляем пра сённяшні дзень, а заўтра “Дынама” можа быць ужо не ў фаворы. Напрыклад, калі міністрам спорту стане Караеў, то ўсё можа памяняцца», – кажа выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Што не так з беларускім футболам увогуле? І як далей будзе развівацца спорт нумар адзін у нашай краіне?

«Развіваецца ён добра ва ўмовах свабоды, сістэмы, калі стаўка робіцца на развіццё клубаў, развіццё аматарскага футболу, калі няма ўмяшання дзяржавы ў футбольныя справы. Таксама – калі няма цэнзуры ў футболе, адсутнічае перашкода для фанацкага руху, бо ён робіць для развіцця футболу вельмі шмат», – распавёў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

У міжнародным рэйтынгу ФІФА зборная Беларусі скацілася на сто пяты радок, у кампанію да Гватэмалы, Конга і Гвінеі-Бісаў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»