Зборная Беларусі па футболе губляе пазіцыі ў рэйтынгу FIFA


Паміж Новай Зеландыяй і Гвінея-Бісаў. Зборная Беларусі губляе пазіцыі ў сусветным рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футболу. Проста цяпер нашая нацыянальная каманда займае 105-ае месца. У мінулым рэйтынгу два месяцы таму яна была 98-ай. Былы футбаліст Яўген Вяроўка звязвае рэгрэс зборнай з адсутнасцю ў складзе футбалістаў топавага ўзроўню.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зборная нечага дамагалася, калі ў складзе былі людзі, якія гулялі на высокім узроўні: Глеб, Бялькевіч, Хацкевіч. Гэтыя людзі складалі касцяк зборнай, гулялі ў топ-клубах. Цяпер пра такое казаць не выпадае», – разважае былы футбаліст і трэнер Яўген Вяроўка.

Апошні раз такі кепскі вынік у зборнай Беларусі быў у 2014-ым, калі яна па выніках аднаго месяца займала 106-ы радок у сусветным рэйтынгу. У іншыя часы, за выняткам 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, нашая нацыянальная каманда стабільна ўваходзіла ў першую сотню ФІФА. Фармальна цяперашняе падзенне рэйтынгу сталася вынікам апошніх афіцыйных гульняў – безгалявой нічыёй з Андорай і паразай ад Ізраілю з лікам нуль-адзін. Але, як мяркуе журналіст Арцём Сізінцаў, праблемы нашай нацыянальнай каманды значна глыбейшыя, чымся проста некалькі няўдалых матчаў.

«Падзенне зборнай у рэйтынгу FIFA звязанае з занядбанасцю ўсёй футбольнай гаспадаркі, бо нічога станоўчага не адбываецца ў краіне, – упэўнены журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў. – Акрамя таго, істотна ўпаў узровень нацыянальнага чэмпіянату. Няма адкуль браць футбалістаў, бо як бы федэрацыя ні казала пра футбольныя школы, сітуацыя з гадамі не паляпшаецца».

Да таго ж трэнерскі штаб зборнай штучна абмежаваны ў выбары гульцоў. З жніўня 2020-га перасталі выклікаць моцных паводле беларускіх мерак футбалістаў: Паўла Няхайчыка, Станіслава Драгуна, Ігара Стасевіча. Яны выступілі супраць гвалту ў дачыненні суайчыннікаў, а пазней праз фактычную забарону на прафесію ў Беларусі скончылі кар’еры.

Зборная Беларусі ў матчы з ізраільцянамі ў адборы да чэмпіянату Еўропы 2024 года.
Фота: abff.by

Таксама па-за складам зборнай апынуўся малады нападнік Ілля Шкурын. У новым сезоне польскай Экстралігі ён адзначыўся ўжо трыма забітымі мячамі. Форвард адмовіўся гуляць за зборную, пакуль краіну ачольвае Лукашэнка.

«Выбар гульцоў для зборнай Беларусі надзвычай абмежаваны. Гэта не самае залатое пакаленне беларускіх футбалістаў, і таму страта аднаго-двух гульцоў – непапраўная. Мы не Італія, не Іспанія, не Нямеччына, не Францыя, дзе хапае гульцоў на два-тры склады», – разважае Арцём Сізінцаў.

Няўдачы, прычым не толькі на футбольным полі, пераследуюць і беларускія клубы. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» не можа атрымаць ад УЕФА грошай за выступ у еўракубках. Прычына – санкцыі, якія Еўразвяз наклаў на галоўнага спонсара футбольнага клубу завод «БелАЗ». Між тым, згодна з выданнем «Трыбуна», агульная сума неатрыманых грошай складае прыблізна 700 тысяч еўраў, што сувымерна з гадавым бюджэтам «Тарпеда».

«Завод сам у цяжкім становішчы, бо на яго накладзеныя санкцыі. Гэта шалёныя грошы, і, вядома, гэта б’е па ім, – разважае Яўген Вяроўка. – Людзі гатовыя гуляць за капейкі, таму цяпер футбалістам умоўна тысячу долараў будуць кідаць, могуць зрэзаць бюджэт, але яны будуць згодныя гуляць за гэтыя грошы, бо ім няма куды ісці».

Большасць беларускіх футбалістаў не здольныя знайсці працу за мяжой, а таму, кажа Яўген Вяроўка, дзеля заробку гатовыя нават на прыніжэнні. Напрыклад, замест трэнавання пайсці прыбіраць камяні з калгаснага поля, як было месяц таму з гульцамі згаданага «Тарпеда-БелАЗу».

Ян Федаровіч, «Белсат»