У Беларусь прыйшла паводка


Штогадовая нечаканасць прыйшла ў Беларусь. Паводка зноў падтоплівае цэлыя вёскі па краіне, змывае дарогі. Прагнозы несуцяшальныя: вялікая вада будзе толькі пашыраць сваё валадарства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На календары яшчэ люты, але Беларусь перажывае наступствы снежнай зімы – паводку. Найбольш непрыемная сітуацыя – на Гомельшчыне: з берагоў выйшлі ўсе рэкі. Падтопленыя 17 раёнаў.

Там, дзе раней была дробная канава ў вёсцы Чэрнікаўшчына Дзяржынскага раёну, цяпер амаль горная рэчка з парогамі і разводдзем на дзясяткі метраў.

Праз паводку пайшлі пад ваду масты ў Магілёўскім і Мсціслаўскім раёнах. Гэтак, практычна адрэзаная вёска Парадзіна, бо пад’ём узроўню Сажа прывёў да падтаплення аўтамабільнага мосту і ўчастку дарогі. Праехаць могуць толькі пазадарожнікі. У такой сітуацыі і вёска Гарадзішча Бялыніцкага раёну, куды прадукты дастаўляюцца абʼязнымі шляхамі.

«На асобных участках рэк басейнаў Бярэзіны і Сажа ў перыяд фармавання максімальных узроўняў узроўні вады наблізяцца і могуць дасягнуць небяспечных адзнак», – зазначае загадчыца аддзелу гідралагічных прагнозаў «Белгідрамету» Алена Зубчонак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паводка на Сожы.
Фота: Вячаслаў Каламіец / belkagomel

Падтапленні паселішчаў ратавальнікі пачалі фіксаваць яшчэ ў снежаньскую адлігу. Падняцце ўзроўню вады да крытычнага ўзроўню назіралі і ў студзені. Але найбольш непрыемных сюрпрызаў прынёс анамальна цёплы апошні месяц зімы.

«На сёння мы назіраем падтапленне ўва ўсіх вобласцях, у прыватнасці ў 34 раёнах застаюцца падтопленымі 162 прыватныя жылыя дамы, 33 падвалы, 760 прыватных падворкаў», – зазначае прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі.

У «Белгідрамеце» не выключаюць, што паляпшэння сітуацыі найбліжэйшымі тыднямі чакаць не варта. Паўплываць могуць і моцныя ападкі. Аднак у Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў запэўніваюць: робяцца неабходныя захады для стрымлівання паводкі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»