ГУБАЗіК прадставіў чарговы выпуск «Кватэрнага пытання»


Лукашэнкаўскі ГУБАЗіК прадставіў чарговы выпуск свайго «Кватэрнага пытання». Сілавікі працягваюць граміць кватэры з’ехаўшых беларусаў, якія пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Прыходзяць да розных людзей, але сцэнар заўсёды адзін. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гомельскія сілавікі наведаліся ў кватэру актывісткі і псіхолага Алы Марціновіч, якая ўжо амаль паўтара года жыве за межамі Беларусі. Увайшлі традыцыйна не як госці – ужылі розныя інструменты.

Паводле набліжанага да ГУБАЗіКу тэлеграм-каналу, у кватэры Алы Марціновіч, супраць якой распачалі крымінальную справу за стварэнне гэтак званага экстрэмісцкага фармавання, сілавікі шукалі забароненыя рэчы. Але якія канкрэтна, не агучылі.

«Я не магу сказаць, што я была абсалютна ўпэўненая ў тым, што яны так будуць рабіць. Але я бачыла гэтыя навіны, бачыла, што забіраюць кватэры ў людзей, бачыла гэтыя разгромы. І, канешне, я дзесьці чакала, што калісьці дойдуць да мяне. Таму што я не выходжу з інфармацыйнай павесткі, я даю навіны, таму што я вяду свае асабістыя рэсурсы», – адзначыла Ала Марціновіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вынікі ператрусу.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Разгромы жытла апанентаў рэжыму Лукашэнкі, якія выехалі з краіны пасля 2020-га года, сталіся звычайнаю зʼяваю. Прынамсі ў красавіку 2022-га сілавікі ўчынілі ператрус у кватэры стваральніцы праектаў «Дзікае паляванне» і «Карнікі Беларусі» Яніны Сазановіч. Летась жа ў межах справы супраць Каардынацыйнай рады прыйшлі да кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Такія візіты сілавікі ладзяць выключна на камеру. Каб пасля пагражаць і ціснуць, мяркуе прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Андрэй Астаповіч:

«Так, як яны яго праводзяць і скідваюць усё ў цэнтр кватэры… Сістэмнасць павінная быць. Як праводзіцца агляд, вобшук ці яшчэ што? Ты пайшоў з аднаго кута, ад сцяны, дапусцім, і па кругу пайшоў, забіраеш усё неабходнае, шукаеш. Калі ты будзеш усё граміць і раскідваць, гэта чысцейшае паказальнае мерапрыемства, што нічога яны там не шукаюць».

У некаторых сваіх справаздачах з ператрусаў сілавікі наўмысна звяртаюць увагу на рэчы, якія паказваюць уласніка жытла не ў лепшым святле. Напрыклад, раскіданыя пустыя бутэлькі з-пад алкагольных напояў. Маўляў, вось такі лад жыцця вялі гаспадары.

«Менавіта выстаўленне нашых грамадзянаў у такім выглядзе, у якім яны паказваюць, мае такую мэту – што ўся апазіцыя, нязгодная з Аляксандрам Рыгоравічам ці яшчэ з чым-небудзь, яны вось такія – наркаманы алкаголікі…» – патлумачыў кіраўнік берасцейскага філіялу праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Вялічкін.

Каб перажыць гэты зняважлівы досвед, псіхолаг Ала Марціновіч раіць змяніць сваё стаўленне да сітуацыі і сфакусавацца на падтрыманні блізкіх асобаў. А таксама не баяцца самым публікаваць факты свавольства сілавікоў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»