Па-эмігранцку: падвялі вынікі года для беларускае культуры


Беларуская культура існуе і заяўляе пра сябе ўсяму свету. Праўда, адбываецца гэта пераважна за мяжою. Бо пасля падзеяў 2020-га большасць выбітных творцаў мусіла з’ехаць з краіны і ствараць у выгнанні. Пра самыя яскравыя сёлетнія падзеі ў сферах кіно, музыкі, літаратуры ды тэатру – у наступным матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тры аншлагі расейскай спявачкі Анны Асці ў «Менск-арэне», самы папулярны серыял года – «Слова пацана», выпускнікі расейскіх тэатральных установаў – на сцэне Купалаўскага. Беларусаў у краіне ўсё больш паглынае расейскі кантэнт, тады як культура ў выгнанні робіцца ўсе больш беларускацэнтрычнаю.

2023 год стаў плённым для беларускіх музыкаў. Яны прэзентавалі шэраг яскравых альбомаў. Сярод іх – «Эмігранты» Лявона Вольскага, «Ні берагу, ні дна» спявачкі і кампазітаркі Паліны, дзесяць эмігранцкіх трэкаў пад назваю «Tam» ад Leibonik. Гучна адгрымелі і музычныя фестывалі, большасць з якіх прайшла ў Польшчы: «Тутака» на Беласточчыне, «Грай» у Варшаве, «Мара» у Сопаце». Адметнасцю апошняга з пералічаных фэстаў стаў выступ на адной сцэне беларускіх, польскіх і ўкраінскіх выканаўцаў.

«Мы даём шанц адкрыцца беларускай культуры, выступіць беларускім артыстам. Ну і “Марафэст” – гэта не толькі пра музыкаў. Яшчэ гэта пра рамеснікаў, пра мастацтва, пра літаратуру, якая далучыцца ў наступным годзе», – распавядае суарганізатарка беларускага фестывалю «Марафэст» Вольга.

Не менш маштабна за музычныя фестывалі прайшла дванаццатая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Натуральна – таксама ў замежжы. Сёлетнімі пераможцамі сталі Ганна Кандрацюк з кнігаю рэпартажаў пра людзей з Белавежскае пушчы, Сцяпан Стурэйка – аўтар кнігі «Пасажыры карабля Тэсэя», і Сяргей Лескець з кнігаю «Шэпт». Яшчэ адною важнаю падзеяй для сферы літаратуры, паводле галоўнага рэдактара сайту «bellit.info», стала з’яўленне новых выдавецтваў і актывізацыя ўжо існых.

«Аднавілася дзейнасць выдавецтва “Янушкевіч”. І такія знакавыя выданні перакладаў – гэта ягоная дзялянка. Сёння – першы дзень продажаў “Уладара пярсцёнка” Толкіна, рыхтуецца Стывэн Кінг… І што там далей – я нават баюся падумаць», – кажа літаратурны крытык, галоўны рэдактар сайту «bellit.info» Ціхан Чарнякевіч.

Шэраг папяровых выданняў сёлета ператварыўся ў аўдыякнігі. Супольнымі намаганнямі Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў і фонду «Камунікат» быў запісаны пяцітомавік нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

«Выйшла першае нецэнзураванае выданне – аўдыяверсія твораў Алексіевіч. Іх нельга цяпер набыць у друкаваным варыянце, але можна паслухаць… Мы пастараліся раскідаць на ўсе пляцоўках, дзе людзі слухаюць музыку, падкасты», – распавядае аўдыявыдавец Крысціна Дробыш.

Беларускае незалежнае кіно сёлета паказала, што працягвае існаваць, нягледзячы на праблемы з фінансаваннем. Дакументальная стужка «Радзіма» пра ґвалт у беларускім войску і грамадстве Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча перамагла на фестывалі «Паўночнае ззянне», а таксама з’явілася ў доўгім спісе прэміі «Оскар». Другой значнаю прэмʼераю, паводле кінажурналіста Тараса Тарналіцкага, стаў спрадзюсаваны «Белсатам» серыял «Працэсы».

«Можна спрачацца пра яго эстэтычныя інструменты, які ён зроблены, але фільм пра сучасную Беларусь, пра рэчаіснасць, у якой мы жывём. Пра тое, што ўсіх турбуе… Такі праект дазваляе паглядзець на сітуацыю ў краіне з пэўнай дыстанцыі: неяк сябе адчуць не сведкам, а гледачом», – мяркуе кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Афіша оперы «Дзікае паляванне караля Стаха»
Афіша оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага свабоднага тэатру.
Фота: belarusfreetheatre.com

Бясспрэчным і самым гучным поспехам старога года стала гатычная рок-опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага свабоднага тэатру. Прэмʼера паводле твору Уладзіміра Караткевіча прайшла на сцэне лонданскага «Барбікану» пры падтрыманні Еўразвязу, Дацкага інстытуту культуры і Беларускае рады культуры. Трансляцыю оперы можна было пабачыць і на «Белсаце».

«Калі б такая пастаноўка адбылася ў васямнаццатым-дзевятнаццатым годзе, гэта быў бы сапраўдны “wow” для ўсёй краіны. Цяпер жа крыху інакш успрымаецца тое, што адбываецца ў эміграцыі. Але варта адзначыць, што тое, як яна была знятая, і якасць самой прэм’еры дазваляе людзям унутры Беларусі атрымаць асалоду ад гэтай пастаноўкі», – мяркуе каардынатарка Беларускай рады культуры Надзея Гарэцкая.

Агулам у межах праекту «ArtPower Belarus» Рада культуры падтрымала трыццаць тры праекты ў сферы арт-менеджменту, фота, тэатру і літаратуры. Частку з іх зрэалізавалі ўнутры Беларусі.

Наста Печанькова, «Белсат»