Карныя рэйды сілавікоў працягваюцца


У Баранавічах затрымалі не менш за восем асобаў. Падставаю стаўся ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. І гэта не першае масавае затрыманне ў горадзе. Гэтаксама сёлета сілавікі праявілі надзвычайную актыўнасць у многіх рэгіёнах Беларусі. Якія мэты маюць такія карныя аперацыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Магчыма, усіх затрыманых гэтым разам жыхароў Баранавічаў вылічылі праз відэазапісы з пратэстаў 2020 года, што дэманструюцца ў кадры. Цяпер ім пагражае крымінальная справа паводле «народнага» трыста сорак другога артыкулу Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Раней у Баранавічах масавыя ператрусы і затрыманні праходзілі ў сакавіку. У людзей забіралі тэхніку і адвозілі на допыты. А ў траўні на Баранавіцкім вузле Беларускае чыгункі затрымалі каля дзясятка машыністаў. Супраць некаторых з іх пасля завялі крымінальныя справы за абразы ў інтэрнэце.

Хваля масавых затрыманняў сёлета – адметная з’ява ва ўсёй краіне.

Паводле прадстаўніка аб’яднання былых сілавікоў Беларусі «BELPOL» Уладзіміра Жыгара, гэта больш практыка запалохвання людзей, каб ніколі не ўзнікла ідэі, думкі зноў займацца нейкай пратэснай дзейнасцю.

Гэтак, у канцы лютага-на пачатку сакавіка толькі ў Менскім раёне паводле справы дыверсіі ў Мачулішчах былі затрыманыя каля дваццаці асобаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні ў Менску, Беларусь. 29 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

Далей ГУБАЗіК шукаў «схаваныя ячэйкі экстрэмістаў» у Іванаве Берасцейскай вобласці. У Мазыры прыйшлі ажно да трыццаці пяці асобаў. У Гомлі сілавікі затрымалі сябраў гаражнага кааператыву за меркаваныя сувязі з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне. У Полацку экстрэмістаў адшукалі ў Нацыянальным Полацкім гістарычна-культурным музеі-запаведніку і яго філіялах. Масавыя затрыманні адбываліся ў красавіку ў Пружанах і Дзяржынску. Увосень сілавікі наведаліся на «Палімір» у Наваполацку, на прадпрыемствы ў Лідзе. У Карэлічах і Ваўкавыскім раёне людзей затрымлівалі і на працы, і ўдома. Адное з апошніх масавых затрыманняў у Браславе: прыйшлі да працаўнікоў музею традыцыйнае культуры.

Як кажа Уладзімір Жыгар, сілавікі затрымліваюць пэўную колькасць людзей і паказваюць тым самым сваю важнасць і значнасць. Паводле яго меркавання, у бліжэйшы час карнікі працягнуць падобныя рэйды ў рэгіёны.

Трэба адзначыць, што сабраныя звесткі – гэта толькі тыя выпадкі, пра якія стала вядома праваабаронцам. На сёння ў Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаныя тысяча чатырыста семдзесят тры асобы. Рэальны лік тых, хто адбывае пакаранне паводле палітычных матываў, можа быць у разы большы.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»