Вызначыўся чэмпіён Беларусі па футболе


Менскае «Дынама» – чэмпіён Беларусі. Праз 19 гадоў сталічны клуб нарэшце здабыў золата нацыянальнага футбольнага першынства. У перадапошнім туры бела-сінія перамаглі гульцоў «Белшыны» з лікам 4:0 і зрабіліся недасяжнымі для найбліжэйшага пераследніка – гарадзенскага «Нёману».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне падабалася, як гуляе “Нёман”, і гэта ўлічваючы тыя абмежаваныя рэсурсы, якія ў іх ёсць і былі. Я думала, можа здарыцца цуд нейкі. Але цуд у нашай краіне здараецца не ў бок тых, хто яго заслугоўвае», – кажа журналістка «by.tribuna.com» Сабіна Аліева.

«Гэта заканамерна, таму што каманда падабраная добрая, – мяркуе былы футбаліст «Гарадзеі» Андрэй Карбоўскі. – Шчыра рады за іх. Ведаю дакладна, што ў большасці хлопцаў пазіцыя гэткая самая, як і ў нармальных беларусаў. Проста ніхто з іх не можа пра гэта сказаць».

«Дынама» зрабілася чэмпіёнам на фоне аслаблення асноўных канкурэнтаў. З 2020-га да 2022-га тры запар залатыя ўзнагароды здабыў салігорскі «Шахцёр». Аднак у траўні Федэрацыя футболу пазбавіла «гарнякоў» леташняга чэмпіёнства, а да таго ж пакарала штрафам памерам 30 пунктаў на сёлетняе першынство.

З фаварыта «Шахцёр» раптоўна ператварыўся ў каманду, якая змагаецца за выжыванне ў Вышэйшай лізе. Наступны сезон салігорскі клуб таксама пачне з гандыкапам на мінус 20 пунктаў.

«Шмат хто ў беларускім футболе перакананы, што справу “Шахцёра” раскруцілі не проста так, – разважае галоўны рэдактар «by.tribuna.com» Алег Гаруновіч. – У іншыя часы, калі б не было задачы зрабіць “Дынама” чэмпіёнам або каб яму ніхто не замінаў стаць чэмпіёнам, гэтая справа магла б і не вылезці. Таму што гэта вялікі сорам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч клубаў Вышэйшай лігі «Дынама-Берасце» і «Дынама-Менск». Берасце, Беларусь. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: Футбольный клуб “Динамо-Минск” / VK

Іншы дынамаўскі канкурэнт – самы тытулаваны клуб краіны БАТЭ – таксама сутыкнуўся з цяжкасцямі.

Адразу некалькім футбалістам федэрацыя забараніла гуляць, бо іх унеслі ў так званы чорны спіс. У 2020-м гэтыя гульцы выказваліся супраць гвалту. Потым некаторыя падпісалі праўладны ліст, аднак гэта не дапамагло.

«Мне падаецца, што так, гэта былі важныя, ключавыя гульцы, якія б дапамагалі камандзе. Але прыйшлося жыць у тых умовах, якія ёсць, і неяк выбудоўваць сваю гульню вакол тых футбалістаў, якімі яны маглі апераваць. Тыя ж, хто трапіў у чорны спіс… Дагэтуль незразумела, што з імі будзе», – кажа Сабіна Аліева.

Адным з апекуноў «Дынама» называюць міністра спорту і былога супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі Сяргея Кавальчука. Як паведамляе выданне «Трыбуна», летась ён надзвычай актыўна ўдзельнічаў у справах клубу: ладзіў футбалістам разносы за няўдалыя гульні, а таксама даваў парады галоўнаму трэнеру Арцёму Чалядзінскаму. Сёлета Кавальчук нібыта збавіў абароты.

«Была апрабаваная схема з вельмі блізкім кантролем, і яна не дала нічога добрага, таму што каманда адчувала празмерны ціск, – сцвярджае Алег Гаруновіч. – А тут каманду забяспечылі фінансава, падпісалі шмат гульцоў, узялі дасведчанага трэнера. Думаю, што даверу да Скрыпчанкі было больш, чым да Чалядзінскага».

Адметна, што лёсам «Дынама» апекаваўся і Лукашэнка. Вось што ён казаў у верасні 2021-га:

«У наступным годзе вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны страсянуць увесь футбол, вось на што я разлічваю».

«Дынама» хай і са спазненнем, але выканала наказ Лукашэнкі. Для менскага клубу гэта 8-ае чэмпіёнства ў гісторыі. Срэбра сёлета, і таксама датэрмінова, здабыў гарадзенскі «Нёман». Уладальніка бронзы вызначаць у апошнім туры. На яе прэтэндуюць «Тарпеда-БелАЗ», «Іслач» і БАТЭ.

Ян Федаровіч, «Белсат»