«Шахцёр» згубіў чэмпіёнства


Беларускі футбол ліхаманіць. Згодна рашэнню федэрацыі, салігорскі «Шахцёр» пазбаўлены чэмпіёнскага тытулу, здабытага летась. Клуб прызналі вінаватым у дамоўных гульнях і стымуляванні іншых камандаў Найвышэйшай лігі. «Шахцёр» і срэбны мінулагодні прызёр «Энергетык-БДУ» у дадатак адхіленыя ад еўракубкаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі браць агулам за апошнія 3-4 гады, відавочнае падзенне беларускага футбола. Здаецца, што дно – вось яно. Але тут знізу пагрукалі», – сумна жартуе беларускі футбольны трэнер Алег Дулуб.

Акрамя золата і месца ў Лізе чэмпіёнаў «Шахцёр» пазбаўлены трыццаці турнірных балаў у сёлетнім чэмпіянаце і дваццаці – у наступным. А яшчэ мусіць сплаціць штраф 370 тысяч рублёў.

«Энергетык-БДУ» страціў срэбныя медалі, а ў дадатак – 20 турнірных балаў сёлета і 10 – на наступны год. Менскі клуб мусіць сплаціць 74 тысячы рублёў штрафу.

Пакаралі і «Белшыну». Яна пазбаўленая дзесяці балаў на гэты год, пяці на наступны ды таксама мусіць сплаціць штраф.

Такім чынам, турнірная табліца сёлетняга чэмпіянату прыняла наступны выгляд: «Шахцёр» з аднаго з лідараў пераўтварыўся ў аўтсайдара і будзе змагацца за магчымасць захаваць прапіску ў эліце.

«”Шахцёр” спакойна набярэ 50 ачкоў. Калі нават адкінуць 30, то гэтага хопіць, каб уратавацца, – упэўнены галоўны рэдактар «by.tribuna.com» Алег Гаруновіч. – Я не думаю што ў «Шахцёра» сабраныя футбалісты, якія хочуць гуляць выключна ў лізе чэмпіёнаў. Таму, мне здаецца, клуб захавае і склад, і месца ў Найвышэйшай лізе».

Разам з футбольнымі клубамі пацярпелі некалькі дзясяткаў футбалістаў і функцыянераў. Напрыклад, на год дыскваліфікаваныя гульцы зборнай Міхаіл Гардзяйчук ды Мікіта Корзун. Але самае гучнае імя ў спісе – Анатоль Юрэвіч. Аднаго са стваральнікаў «Энергетыка-БДУ» зусім нядаўна прызначылі дзяржаўным трэнерам: міністр спорту Сяргей Кавальчук зрабіў яго найбліжэйшым дарадцам у пытаннях футболу. Цяпер жа Юрэвіча дыскваліфікавалі на пяць гадоў.

«Калі ёсць такое рашэнне, павінна быць нейкая доказная база пад гэтым, – разважае Алег Дулуб. – Напрыклад, Анатоль Іванавіч вінаваты ў гэтым і гэтым, на падставе чаго прынятае вось гэтае рашэнне. А тут у мяне складваецца ўражанне, што караюць клубы, таму што хочуць адзін з іх увесці ў еўракубкі».

Гаворка пра менскае «Дынама». Алег Гаруновіч таксама называе гэты клуб “галоўным бенефіцыярам гісторыі” з пакараннем «Шахцёра»:

«Гэта выгадна толькі менскаму “Дынама”, якое не магло ўдзельнічаць у еўракубках. Паверыць у тое, што ў Беларусі запанавала справядлівасць? Я б паверыў, калі б былі прынятыя дадатковыя меры ў адносінах да іншых асобаў. Але пакаралі толькі тых, хто пад рукой, навідавоку».

Адметна, што мінулы сезон «Дынама» праваліла. Яно заняло 4-е месца і не трапіла ў еўракубкі. Хаця задачу на сезон перад клубам ставіў сам Лукашэнка:

«У наступным годзе вы павінныя быць чэмпіёнамі. Вы павінныя страсянуць увесь футбол, вось на што я разлічваю».

Цяпер жа клуб, якім апякуецца яшчэ і міністр спорту Кавальчук, згуляе ў Лізе канферэнцыяў. Таксама там выступіць «Іслач» і яшчэ адна каманда, якая – стане вядома пасля фіналу кубку краіны. У Лізе ж чэмпіёнаў Беларусь рэпрэзентуе БАТЭ, які па выніках мінулага чэмпіянату стаў трэцім.

Ян Федаровіч, «Белсат»