Беларусам прадаюць цвіль і гнільцу


Праверка за праверкаю ў харчовых крамах. Паралельна – новыя сведчанні спажыўцоў: то чарвякі ў «малочцы» і бабовых, то цвіль і мошкі ў хлебабулкавых вырабах, то мяса з гнільцою. Крамы атрымліваюць штрафы, але хто іх сплочвае? На заводах прыпыняюць канвеер, але ці надоўга? А таксама чаму ў крамах прадаюць заведма пратэрмінаваныя прадукты?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У краму ідзём па свежы хлеб. Аднак, калі яго вынялі з печы, завезлі ў краму і колькі дзён правёў на паліцы – ацэніць не кожны пакупнік. Прадавец беларускае крамы ў гэтым не дапаможа. І вось чаму:

«Мы маем права не прадаць 1 булку. А іх можа штук 200 тых бохнаў. У мяне як прадаўца быў выбар: або я гэта прадаю, або набываю ўсё гэта сама», – кажа былая прадаўніца Святлана.

Дзяржава пазбавіла крамы магчымасці рэгуляваць кошты. Дастаўцы і вытворцы не прымаюць спісанняў. У гандлёвых пунктах – нястачы, і першая асоба, якую кіраўнік робіць вінаватай, – гэта прадавец. Асабліва калі ён недасведчаны, зазначае Святлана.

«Выглядае так, што ёй кіраўнік заяўляе, што або ты аплочваеш гэтую недастачу, або я звальняю цябе паводле артыкула і зраблю так, што ніводная крама ў горадзе не возьме цябе на працу».

Каб не плаціць з уласнае кішэні за пратэрмінаваныя харчы, прадаўцы намагаюцца іх прадаць. Цвіль з сыру – скобляць, як працаўніца адной з віцебскіх крамаў на гэтых кадрах. Фарш, які псуецца, ідзе на катлеты, шчодра запраўлены цыбуляй і хлебам. Мяса і каўбасу мыюць, апошнюю націраюць алеем. Гуркі і моркву мочаць у вадзе. І, нарэшце, фальсіфікуюць тэрміны прыдатнасці. Праваабаронца Павел Левінаў звяртае ўвагу на дзеянні, якія дапамогуць спажыўцу:

«Абавязкова захаваць касавы рахунак… Таму што складана будзе потым даказаць, што вы набылі ў гэтай краме менавіта гэты тавар. Калі вы ўскрылі тавар, не спяшайцеся выкідаць упакоўку, этыкетку».

Непрыдатны да спажывання прадукт можна сустрэць і пад упакоўкаю з сённяшняю датаю вырабу. Паказвае выпадак з «Любимым» батонам у Слуцку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мясная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Пакупнік няякаснага тавару можа патрабаваць яго замены на якасны, сувымернага змяншэння цаны ці вяртання грошай.

«Калі ў краме вам адмовяць, неабходна звяртацца ці ва ўстановы па абароне правоў спажыўца, якія маюцца быць створаныя пры кожным раённым і гарадскім выканкаме. Калі гэта харчы, то можна звярнуцца ў санэпідэмічную службу гораду з заяваю», – кансультуе Левінаў.

Наступная пасля санэпіду інстанцыя – суд, які разглядае спажывецкія справы, незалежна ад таго, хто прадаў няякасны прадукт – дзяржаўная, прыватная або інтэрнэт-крама.

Кантралююць дакументы, маркіраванні, тэрміны прыдатнасці і ўмовы захоўвання на прадпрыемствах, складах і ў крамах Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Камітэт дзяржаўнага кантролю і санітарна-эпідэмічныя службы. Па выніках апошняга правярання толькі ў сталіцы санітарныя службы сканфіскавалі амаль 22 тоны патэнцыйна небяспечных харчоў, выпісалі папярэджанні і штрафы. А як некаторыя крамы пазбягаюць санкцыяў ад візіцёраў?

«Правяральнікам кланяюцца ў пас, зазіраюць у рот, умаляючымі вачыма. Вядуць у кабінет да загадчыцы, і там адбываецца застолле. Яны сыходзяць з добра наладаванымі торбамі, у добрым настроі, на штосьці там прыкрылі вока», – распавяла колішняя прадавачка Святлана.

Класічны рэжымны падыход у заганнай сістэме, праз якую цярпіць спажывец, а значыць, кожны без вынятку беларус. Спажыванне сапсаваных вырабаў прыводзіць да атручанняў. Ад лёгкай да клінічнай формы. У якіх выпадках варта звярнуцца па медычную дапамогу?

«Калі з’яўляюцца небяспечныя агульныя сімптомы: моцнае абязводжванне, калі мы трацім электраліты, калі зʼяўляецца такое пачуццё, што сэрца хутчэй бʼе і пачуццё арытміі, калі губляем прытомнасць», – кажа доктар агульнай практыкі Антон Юран.

Нават калі ў вашым выпадку абышлося ўжываннем вугалю ці смекты, не даруйце такіх выпадкаў сістэме грамадскага харчавання. Паведамляйце пра парушэнні. Бо тое, што для вас скончылася дыярэяй, можа стацца трагедыяй для асобы з горшым станам здароўя.

Юлія Цяльпук, «Белсат»