33 гады як прынялі Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі


27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. Нацыянальная дзяржаўнасць, вяршэнства Канстытуцыі і законаў, стварэнне беларускага войска, недатыкальнасць тэрыторыі рэспублікі, дзяржаўная мова – беларуская. Гэта, між іншага, абвяшчала Дэкларацыя – рэвалюцыйны на той час дакумент.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэты акт прымаў Вярхоўны Савет БССР, – падкрэсліў гісторык Інстытуту гісторыі польскай Акадэміі Навук Аляксандр Ланеўскі. – Не незалежнай Беларусі, а Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. І важна таксама памятаць, што праект абвяшчэння незалежнасці БНФ яшчэ меў у траўні 90 года».

Актыўны ўдзельнік тагачасных падзеяў, лідар фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазняк узгадвае, што першы (ён жа і апошні) савецкі прэзідэнт Міхаіл Гарбачоў у процістаянні з палітычным апанентам Барысам Ельцыным прапанаваў уладам усіх саюзных рэспублік прыняць дэкларацыі аб незалежнасці, каб пазней наноў падпісаць саюзную дамову. Беларуская апазіцыя выкарыстала такую нагоду, каб прыняць дэкларацыю – аснову для будучай незалежнасці.

Агулам былі напісаныя 3 варыянты тэксту Дэкларацыі. Дэпутаты іх абмяркоўвалі цягам 8 паседжанняў, і амаль адносна кожнага пункту спрэчкі былі гарачыя. Зянон Пазняк сцвярджае, што галасаваць за поўную незалежнасць Менску ад Масквы Вярхоўны Савет быў тады ўсё ж не гатовы. Таму давялося пайсці на хітрасць. Дэпутаты БНФ прыгразілі дэмаршам, калі створаная імі ж Дэкларацыя будзе прынятая. Гэта спрацавала. Беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык прыгадаў, што апазіцыя БНФ мела вельмі мала галасоў. І патэнцыйны сыход фракцыі з галасавання – «наадварот, прымусіў камуністычную большасць прагаласаваць за гэты вельмі патрэбны Беларусі дакумент».

Праз год, 25 жніўня, Дэкларацыя стала канстытуцыйным законам і знаходзілася ў гэтым статусе да 1994 года, пакуль прынялі новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. 27 ліпеня заставалася святочным днём да 1996 года. Але калі Лукашэнка зрабіўся прэзідэнтам, ён праз рэферэндум перанёс Дзень незалежнасці на 3 ліпеня.

«Ён усе гэтыя гады служыў Расеі, – канстатуе Вячаслаў Сіўчык. – Таму яго раздражняла ўсё беларускае. Ён ненавідзіць беларусаў, беларускую мову, беларускі сцяг! І, натуральна, яму не трэба было, каб быў Дзень незалежнасці. Яму трэба было іхнае, расейскае, савецкае».

Сэнс свята змяніўся: сталі адзначаць не незалежнасць Беларусі, а савецкую перамогу. Тады большая частка свядомых беларусаў абрала святочнай датай Дзень Волі 25 сакавіка, у гонар стварэння ў 1918 годзе Беларускай народнай рэспублікі. Рэжым дагэтуль жорстка змагаецца з гэткімі святкаваннямі.

Святочны канцэрт да 105 гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Пакуль будзе акупацыя, пакуль будзе вайна, яны будуць рабіць усё, што захочуць, – упэўнены Зянон Пазняк. – Пакуль мы не збяром сілы, пакуль наш народ не паўстане. Я думаю, так будзе. Асаблівай дапамогі ад Захаду мы не чакаем. Спадзяемся на свае сілы, як у 1990 гадах».

І ўсё ж. Дзень незалежнасці Беларусі – 27 ліпеня, 25 жніўня ці 25 сакавіка? Калі нашая краіна была па-сапраўднаму незалежнай? На думку гісторыя Аляксандра Ланеўскага, шукаць пераемнасць беларускай дзяржаўнасці ў Полацкім княстве ці ў ВКЛ, ці ў Рэчы Паспалітай – гэта інтэрпрэтацыі. А сапраўдная, незалежная Беларусь – яна яшчэ будзе.

Марына Яновіч, «Белсат»