Ці засталіся ў Беларусі НДА?


Хто ў нашай краіне рэпрэзентуе інтарэсы грамадства? У Міжнародны дзень недзяржаўных арганізацыяў даведаемся, ці засталіся ў нашай краіне сапраўдныя НДА, або ўсе яны пайшлі пад нож пасля пратэстаў 2020 года. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Выбары адбыліся, усё прайшло добра і спакойна. Я хачу падзячыць кожнай з вас, бо вы ўсе былі ў выбарчых камісіях», – адзначыла старшыня Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская. На прыкладзе гэтай арганізацыі мы бачым, што цяпер у Беларусі засталіся толькі бездакорна лаяльныя ўладам недзяржаўныя арганізацыі. Сапраўды незалежныя ад дзяржавы арганізацыі пасля пратэстаў 2020 года былі ліквідаваныя або загнаныя ў падполле.

«Гэта выключна спроба вярнуцца ў Савецкі Саюз, у таталітарную сістэму, калі ўсе грамадскія арганізацыі, так ці іначай, і клубы аматарскія – усе яны былі альбо пры камсамоле, альбо пры партыі. Іншай логікі тут няма», – распавядае старшыня ліквідаванай арганізацыі «Звяз» Ігар Казмерчак.

Роля няўрадавых арганізацыяў – прасоўваць інтарэсы грамадства без камерцыйнага складніку і незалежна ад дзяржавы. Гэтак, менавіта актывісты недзяржаўнай арганізацыі «Human Constanta» ў 2016-2017 гадах дапамагалі чачэнскім уцекачам на мяжы Беларусі і Польшчы, калі ўлады крызіс ігнаравалі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» падтрымліваў любых зняволеных, а не толькі так званых палітычных. Да сфальсіфікаваных выбараў 2020 года ў нашай краіне існавалі сотні іншых праектаў у сферы адукацыі, культуры і грамадства.

«Гэтыя паскудныя 1,5 тысячы НДА… Чым яны займаліся, вядома. Яны фінансаваліся звонку. А мы ўсе думалі, ну, ладна, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем казаць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі», – казаў АляксандрЛукашэнка ў 2021 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жывая бібліятэка.
Фота: humanlibrary.by

З таго часу дзяржава ліквідавала 1533 НДА, і яшчэ 969 арганізацый у працэсе ліквідацыі. Пад нож трапіў і Офіс правоў людзей з інваліднасцю. Больш за 10 гадоў ён запэўніваў прававую дапамогу і змагаўся за змены ў заканадаўств. Дзякуючы ў тым ліку яму Беларусь далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў.

«Галоўная мэта дзяржавы ў спыненні нашай дзейнасці была тое, што мы адстойваем правы чалавека. То бок мы – праваабарончая арганізацыя, і для існай улады вельмі нязручна, каб побач нехта казаў пра правы чалавека, каб побач нехта дамагаўся гэтых правоў чалавека. І каб побач нехта гэта рабіў эфектыўна», – кажа кіраўнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Ліквідаваць Офіс рэжыму было мала. Кіраўніка арганізацыі Сяргея Драздоўскага змясцілі пад хатні арышт, а юрыста НДА Алега Граблеўскага – у СІЗА на Валадарскага. Абодва былі прызнаныя палітвязнямі, а пасля вызвалення пакінулі тэрыторыю Беларусі. Цяпер некаторыя функцыі арганізацыі, напрыклад, адукацыйную, выконвае дзяржава. Але сітуацыя з правамі людзей з інваліднасцю ад гэтага ніяк не змяняецца.

«Сярод пяцёх загінулых зняволеных, два – гэта людзі з інваліднасцю. Ну вось вам і прамы такі доказ, так. Калі браць у працэнтах. Вось вам і адносіны дзяржавы да інваліднасці. Што можна казаць болей?» – зазначае кіраўнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

На сённяшні дзень у Беларусі застаюцца зарэгістраванымі 2330 няўрадавых арганізацыяў. Найбольшую актыўнасць праяўляюць так званыя GONGO – псеўданедзяржаўныя арганізацыі, напрыклад, БРСМ, «Белая Русь» і іншыя саюзы. Але ці заменяць яны ліквідаваныя НДА?

«Яны не маюць уласных мэтаў, гэтыя мэты перад імі ставіць дзяржава, яны не заснаваныя на добраахвотным удзеле людзей, яны фінансуюцца дзяржавай, а не абапіраюцца на ўласныя сродкі. Гэта дзве розныя з’явы, і яны ніяк не могуць адна адну замяніць», – лічыць спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Чальцы некаторых ліквідаваных НДА вымушана выехалі з Беларусі і працягнулі сваю дзейнасць у замежжы, сярод іх БАЖ, Экадом і Офіс правоў людзей з інваліднасцю.

Аліна Скрабунова, «Белсат»