Рэжым Лукашэнкі прызначыў, хто будзе выконваць ролю грамадства


Рэжым Лукашэнкі раздае ролі. Пяці дзяржаўным арганізацыям выпала быць так званымі «суб’ектамі грамадзянскай супольнасці» падчас правядзення Усебеларускага народнага сходу. То бок імітаваць тое, што ўлады знішчалі апошнія 2 гады. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – сярод тых дзяржаўных арганізацыяў, якім Міністэрства юстыцыі надало права вылучаць сваіх сябраў на Усебеларускі народны сход.

«Імітаваць грамадзянскую супольнасць ва УНС будуць не проста лаяльныя арганізацыі, а максімальна кантраляваныя і фактычна зверху створаныя, то бок гэта не проста лаяльнасць, а татальная фэйкавасць, калі замест НДА запрашаюць гонго, то бок арганізаваныя самім урадам НДА фактычна імітацыя імітацыі вось такая», – кажа каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Акрамя БРСМ у спіс арганізацыяў, якія Мінюст назваў «субʼектамі грамадзянскай супольнасці», трапілі: «Белая Русь», Беларускае грамадскае абʼяднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Усе гэтыя арганізацыя – дзяржаўныя.

«З гэтых арганізацый часта ў выбарчых камісіях, сябры гонго – сябры выбарчых камісій, таму задача, якая была, зараз выходзіць на новы ўзровень, калі дзяржава абʼяўляе, хто ёсць грамадзянкай супольнасцю, а хто не ёсць», – зазначае юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Паводле апошніх адкрытых звестак, на пачатак 2021 года ў Беларусі было зарэгістравана 3021 грамадская арганізацыя і 25 прафесійных звязаў. З таго часу пачалася ліквідацыя ўсіх незалежных, то бок недзяржаўных, грамадскіх арганізацыяў і прафзвязаў. Лукашэнка абвінаваціў грамадскі сектар у фінансаванні дзяржаўнага перавароту.

«Грамадства павінна быць зачышчана ад гэтых нягоднікаў», – казаў Лукашэнка сваім падначаленым у чэрвені 2022 года.

Пад рэпрэсіі трапілі дабрачынныя, праваабарончыя, экалагічныя, жаночыя, спартовыя ды іншыя НДА. Па падліках праваабаронцаў на дадзены момант зліквідавалі 1280 недзяржаўных абʼяднанняў.

«Сённяшнія ўлады моцна пакрыўдзіліся на грамадзянскую супольнасць. На сапраўдную грамадскую супольнасць. Улада ўвесь час шукае, хто арганізаваў гэтыя пратэсты і не верыць, не разумее, што гэта самаарганізацыя», – зазначае юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Абраныя прадстаўнікі так званых субʼектаў грамадзянскай супольнасці зоймуць значную частку месцаў ва Усебеларускім народным сходзе – 400 з 1200. Акрамя іх, дэлегатамі Сходу будуць дэпутаты рознага ўзроўню і чыноўнікі: ад старшынь гарвыканкамаў да міністраў, а таксама іхныя намеснікі і прэзідэнт.

«Інстытут усенародных сходаў, якія і раней Лукашэнка імітаваў, проста раней гэта не мела ўвогуле ніякага юрыдычнага статусу, проста сходка нейкіх асобаў, а цяпер ім надаюць паўнамоцтвы ледзь не вышэй за прэзідэнцкія. Але паколькі на рэальны запыт грамадства Лукашэнка адказаць не гатовы, не гатовы сыходзіць, не гатовы дэмакратызавацца, адзінае на што здатны, толькі на такую імітацыю і спадзеў, што народу гэта пракаціць», – лічыць каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Год таму Усебеларускі народны сход атрымаў канстытуцыйны статус. У новым фармаце Сход плануюць склікаць у красавіку 2024 года.

Аліна Скрабунова, «Белсат»