Куды будзе рухацца беларускі футбол у новым сезоне?


Кветкі ля стэлы «Менск – горад герой», архіўныя кадры перыяду Другой сусветнай, ідэалагічная прывязка да 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Беларускі футбольны бамонд сабраў выканкам федэрацыі ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўнае пытанне на парадку дня – імя трэнера моладзевай зборнай. Ім зрабіўся Сяргей Яромка, які ўжо кіраваў моладзеўкай раней.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Моладзевая зборная, жаночая, нацыянальная мужчынская – ніколі не тлумачацца рашэнні федэрацыі. Таму складана зразумець, па якіх крытэрах адбіраюць трэнера. Я проста зычу Сяргею Яромку поспехаў», – заявіў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

З гэтага сезону дублёрскія склады камандаў увойдуць у спіс удзельнікаў другога і трэцяга дывізіёну. Раней моладзеўкі гулялі ў сваім уласным чэмпіянаце. Паводле найлепшага бамбардзіра чэмпіянату дублёраў сезону 2002 года Яўгена Вяроўкі, гэта не паспрыяе развіццю маладых футбалістаў.

«Другая ліга зараз настолькі слабая, што параўноўваць з чэмпіянатам дублёраў, які быў 10-15 гадоў таму, – немагчыма. Гэта нейкі дваровы футбол, які не мае нічога агульнага з прафесійным спортам», – лічыць Яўген Вяроўка.

Яшчэ сярод новаўвядзенняў – забарона так званага пазітыўнага подкупу гульцоў. Гэтак, пазалетась кіраўніцтва «Шахцёра» абяцала грошы футбалістам «Белшыны», каб яны гулялі на максімуме сваіх магчымасцяў і адабралі пункты ў менскіх дынамаўцаў. За такую правіну салігорцаў пазбавілі чэмпіёнства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэніроўка беларускай зборнай па футболе перад матчам з камандай Косава. 20 лістапада 2023 года.
Фота: belarus_football_team / Instagram

На дадатак, па выніках паседжання выканкаму, фінал Кубка Беларусі пройдзе ў Жодзіне. Нібыта праз асаблівую папулярнасць футболу ў горадзе. Аднак летась на трыбунах стадыёну «Тарпеда» у сярэднім збіраліся толькі 1750 гледачоў – меней чым у Горадні, Барысаве, Мазыры, Гомлі, Берасці і Менску.

«У нас няма свайго адпаведніку “Уэмблі”. Агромністага стадыёна, які створаны непасрэдна пад гульні зборнай, пад нейкія важныя стыкавыя гульні, фіналы. Таму я не лічу, што праводзіць фінал кубку Беларусі па-за сталіцай – гэта кепска», – дадае Арцём Сізінцаў.

Сезон-2024 стартуе матчам жодзінскага «Тарпеда» і менскага «Дынама» за Суперкубак Беларусі ўжо ў гэтую суботу, 2 сакавіка.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»