Футбольная зборная Беларусі можа паехаць на чэмпіянат свету ў ЗША, Канаду і Мексіку


У большасці відаў спорту Беларусь за падтрымку вайны патрапіла пад санкцыі разам з Расеяй. Але футбол спартовыя чыноўнікі вынеслі за дужкі.

Гульня футбольных зборных Беларусі і Швейцарыі. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: АБФФ / Telegram

У выніку пляжныя футбалісты могуць ехаць на чэмпіянат свету пад дзяржаўным сцягам, і гэта нягледзячы на рэпрэсіі ў беларускім футболе і ўмяшанне дзяржавы ў футбольныя справы, што супярэчыць статуту ФІФА. Але футбольныя чыноўнікі заплюшчваюць на гэта вочы. Цяпер жа галоўная зборная Беларусі атрымала магчымасць паехаць у 2026 годзе на чэмпіянат свету ў ЗША, хоць два яе асноўныя гульцы выступаюць за расейскія «Хімкі», якія адкрыта падтрымліваюць вайну. Ёсць і іншыя пытанні.

Беларусь даведалася сваіх супернікаў у Лізе нацыяў

На топ турнір можна патрапіць двума спосабамі: праз адборачны турнір на сваім кантыненце, лёсавання ў Еўропе яшчэ не было, і праз Лігу нацыяў. 8 лютага зборная Беларусі даведалася пра сваіх супернікаў: імі сталі каманды Люксембурга (з ёй Беларусь гуляла дзесяць разоў: па чатыры перамогі і нічыі ды дзве паразы), Балгарыі (восем гульняў; тры перамогі і пяць параз) і Паўночнай Ірландыяй (тры гульні і тры паразы).

Цяпер беларуская зборная правядзе супраць іх каманд двухкругавы турнір. Пры гэтым матчы на тэрыторыі Беларусі праводзіцца не могуць, беларуская зборная можа прымаць супернікаў на нейтральным полі і пры пустых трыбунах. Толькі першае месца ў групе дазволіць зборнай Беларусі пазмагацца за пуцёўку на чэмпіянат свету. Турнір пачнецца ў пачатку верасня. Пасля чаго трэба будзе прайсці яшчэ двух супернікаў.

Не перамагалі з 2020 года

У Лізе нацый зборная Беларусі не перамагае больш як тры гады, апошняя перамога зафіксаваная 15 лістапада 2020 года, калі была перагуляная зборная Літвы – 2:0. З таго часу ў гэтым турніры было згуляна сем матчаў, у якіх Беларусь не ведае радасці перамог. Апошні выступ у Лізе нацый завяршыўся для Беларусі правалам у кампаніі Казахстану, Славакіі і Азербайджану. Яна не змагла ні разу выйграць, толькі тройчы згуляўшы ўнічыю, і павінна была вылятаць з дывізіёна «С». У сакавіку гэтага года Беларусь павінна была гуляць з Літвой матчы за права не ўпасці ў самы слабы дывізіён. Але Літва вельмі не хацела прымаць лукашэнкаўскую Беларусь на сваёй тэрыторыі, пагадзіўшыся на кампраміс, у выніку якога ў пераходных матчах выступіць Літва, але яе супернікам будзе Гібралтар, а Беларусі і Кіпру захавалі месцы ў дывізіёне «С» аўтаматычна.

Значна больш паспяховым было першае выступленне ў Лізе нацый. Тады Беларусь заняла першае месца ў сваёй групе, і выйшла ў плэй-оф, маючы рэальны шанц трапіць упершыню ў сваёй гісторыі фінальны турнір чэмпіянату Еўропы. Але ўнікальная магчымасць была ўпушчаная пасля паражэння ад Грузіі – 0:1. Яшчэ ў адным розыгрышы гэтага турніру Беларусь аказалася другой, прапусціўшы наперад Албанію.

Агляд
Як спартоўцы з Беларусі прабіваюцца на міжнародную арэну?
2024.02.08 15:41

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў