Беларусы адзначаюць свята Божага нараджэння


Каталікі, пратэстанты, а таксама частка праваслаўных вернікаў адзначаюць адное з найважнейшых хрысціянскіх святаў – Божае нараджэнне. Як прайшлі набажэнствы ў Менску, Варшаве і Вільні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сімвал новага жыцця, вялікай веры і надзеі. Беларусы святкуюць нараджэнне збаўцы Ісуса Хрыста. Урачыстыя набажэнствы адбыліся ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах краіны.

Адсвяткавалі Божае Нараджэнне і каталікі-беларусы замежжа. Святочная імша прайшла ў касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве – сімвалічным для нашых суайчыннікаў месцы. Тут цягам трох гадоў штонядзелю адбываюцца службы па-беларуску.

Вось і гэтай каляднай ноччу памаліцца ды ўзнесці хвалу народжанаму Ісусу прыйшлі багата нашых суайчыннікаў. Усяночную літургію правёў ксёндз Вячаслаў Барок.

Асаблівасцю варшаўскай імшы стаў выступ беларускага музыкі Лявона Вольскага. Ён заспяваў калядныя песні, выказаўся ў падтрыманне беларускага народу і палітвязняў, а таксама падзяліўся з нашым тэлеканалам сваім самым запаветным жаданнем.

«Адное з жаданняў галоўных – тое ж самае, што ва ўсяго беларускага народу. Думаю, ніхто не здзівіцца: сустрэць наступныя Каляды ў Менску. І гэта цалкам выканальна, я думаю», – кажа музыка.

Пра тое ж марыць і вернік Павел.

«Свабоды, справядлівасці і шчасця для нашае краіны. Найперш – свабоды палітвязням. І для ўсіх нас – каб сустракалі святы ў сябе ўдома, у коле любімых людзей», – жадае ён.

Набажэнства ў Архікафедральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі. Менск, Беларусь. 24 снежня 2023 года.
Фота: БелТА

У канцы імшы вернікі змаглі прычасціцца: прыняць з рук ксяндза кавалак хлеба, што сімвалізуе Цела Ісуса, і тым самым злучыцца з Хрыстом.

Сёлета Каляды паводле новаюліянскага календара ўпершыню адзначаюць і праваслаўныя беларусы. Гэтак, у Вільні набажэнства адбылося ў рэфармацкай царкве, што прыняла вернікаў з беларускага праваслаўнага прыходу.

«Мы адчуваем у гэты дзень усеагульную хрысціянскую еднасць. Мне падаецца, гэта вельмі важна, каб Раство было тым пунктам, у якім усе хрысціяне з усяго свету яднаюцца ў адзінай радасці», – распавядае праваслаўны святар Аляксандр Кухта.

Перанос святкавання Калядаў з сёмага студзеня на дваццаць пятага снежня адбыўся праз выхад заснавальнікаў прыходу Георгія Роя і Аляксандра Кухты з юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Паводле святара, яшчэ тры стагоддзі таму Царква на тэрыторыі Беларусі падпарадкоўвалася Канстанцінопалю і свята Божага нараджэння беларусы акурат адзначалі дваццаць пятага снежня.

«Калі мы кажам пра ўсю гісторыю, то гэтая служба не ўнікальная. Але яна ўнікальная тым, што мы цяпер, праз шмат стагоддзяў, вяртаем на Радзіму традыцыю, якая панавала ў Беларусі спакон веку», – кажа Аляксандр Кухта.

Самыя вернікі досыць станоўча паставіліся да такіх змяненняў:

«Я даўно марыла, каб было 25 снежня, як ва ўсім свеце. Здзейснілася мая мара».

«Калі казаць пра Беларусь, дзе палова – праваслаўныя, а палова – каталікі, то якраз традыцыя святкаваць менавіта ў адзін дзень 25-га, як увесь цывілізаваны свет, спадзяюся, яна будзе ў хуткім часе і ў Беларусі».

А для тых, хто яшчэ не гатовы да змены традыцыі і святкуе Божае нараджэнне паводле старога стылю, сёмага студзеня ў рэфармацкай царкве ў Вільні пройдзе святочная служба.

Наста Печанькова, «Белсат»