«BELPOL»: Вагнэраўцы чыняць беззаконне ў Беларусі


Вагнэраўцы ў Беларусі чыняць беззаконне. Пра гэта ў сваім тэлеграм канале паведаміла аб‘яднанне былых сілавікоў «BELPOL». Як стала вядома нашаму тэлеканалу, гаворка ідзе пра інцыдэнт, што адбыўся ў Асіповіцкім раёне. Расейскія найміты нападпітку паехалі шукаць новую порцыю алкаголю. У дарозе іх спынілі працаўнікі ДАІ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пасля таго, як супрацоўнік ДАІ падышоў да службовага аўтамабіля, у яго быў накіраваны аўтамат Калашнікава і было сказана: хлопчык, а табе гэта трэба? І па выніку супрацоўнік ДАІ, натуральна нічога не сказаўшы, проста адпусціў іх і проста ўцёк у машыну», – распавядае прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

Гэтыя дзеянні, паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, трапляюць пад артыкул аб ґвалце ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў. За што пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

«Не быў зарэгістраваны матэрыял праверкі, не была заведзеная крымінальнае справа. То бок ніякіх дзеянняў супрацоўнікі міліцыі не зрабілі. Проста праз тое, што яны спалохаліся гэтай сітуацыі», – кажа Мацвей Купрэйчык.

Затое намётавы лагер вагнэраўцаў у вёсцы Цэль працягваюць наведваць кіраўнікі сілавых ведамстваў. Напярэдадні да баевікоў асабіста прыязджалі міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, а таксама камандзіры СОБРу, АМАПу, унутраных войскаў ды іншых спецпадраздзяленняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ПВК Вагнэра. Крыніца: 24tv.ua

«Сілавікі атрымалі загад ад Лукашэнкі і яго выконваюць. Усё проста. Ну вось у рамках гэтага загаду яны і наведваюць. Магчыма, будуць нейкія там сумесныя трэнаванні. Не ўпэўнены, што гэта патрэбна кіраўнікам Міністэрства ўнутраных справаў, але загад атрымалі – і яго трэба выконваць», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Працягваюцца і супольныя вучэнні беларускіх салдатаў з інструктарамі ПВК Вагнэра. Гэтым разам да сілаў спецыяльных аперацыяў далучыліся часткі інжынерных войскаў. А таксама некаторыя падраздзяленні МУС.

Тым часам сёння закрываецца рэкруцкі цэнтр ПВК Вагнэра ў расейскім Молькіне. Дзе будзе новая база, баевікі абяцаюць расказаць трохі пазней. Але, як яны самыя мяркуюць, хутчэй за ўсё бліжэй да пункту часовай дыслакацыі ў Беларусі. І, маўляў, сярод цывільных асобаў будуць шукаць новых наймітаў у свае шэрагі. Праўда што, у беларускай фірме Яўгенія Прыгожына пра гэта пакуль не ў курсе.

Пільна сочаць за дзейнасцю вагнэраўцаў у Беларусі нашыя заходнія суседзі. Гэтак, міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў заяву Лукашэнкі пра імпэт баевікоў ісці на Варшаву і Жэшаў «дэзынфармацыяй».

«Сама пагроза з боку Расеі і Беларусі нікуды не знікла. І гэтую пагрозу ўсе і ў Літве, і ў Польшчы расцэньваюць вельмі сур‘ёзна. Але гэта ніяк не звязана з тым, што вось у Беларусі з’явіліся 5000 гэтых наймітаў», – тлумачыць незалежны аналітык з Літвы Марус Лаўрынавічус.

Не засталіся без увагі словы Лукашэнкі і ў Злучаных Штатах. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартаменту Мэт’ю Мілер назваў іх «безадказнымі». І падкрэсліў, што ЗША будуць абараняць кожную цалю тэрыторыі NATO.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»