Літоўскі аналітык: Пагрозы з боку вагнэраўцаў для Польшчы і Літвы няма


Літоўскі незалежны аналітык Марус Лаўрынавічус лічыць, што прыход у Беларусь наймітаў ПВК Вагнэра не павялічыў узровень пагрозы для Польшчы і Літвы. І на гэта ёсць некалькі прычынаў, якія ён прывёў у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Інфармацыйная атака: ёсць тыя, хто паверыў

На пытанне аб тым, ці адчуваецца небяспека ў Літве ў сувязі з прыходам ПВК Вагнэра ў Беларусь, Марус Лаўрынавічус адказаў, што існуе частка грамадства, якая цяпер гэтую пагрозу адчула або, інакш кажучы, паддалася той інфармацыйнай атацы, якая зыходзіць з Крамля. Бо, на думку эксперта, яна сыходзіць не ад самой ПВК Вагнэра і не ад рэжыму Лукашэнкі, а менавіта з Крамля. Часткова гэтая інфармацыйная атака была паспяховай, таму пэўная частка грамадства, магчыма, адчувае нейкую небяспеку. Але насамрэч і афіцыйныя асобы, і шматлікія аналітыкі гавораць пра тое, што большай пагрозы, чым раней, з боку Беларусі і Расеі цяпер няма.

Марус Лаўрынавічус пагадзіўся з міністрам абароны Літвы, які назваў дэзынфармацыяй словы Лукашэнкі пра жаданне вагнэраўцаў наведаць «з экскурсіяй» Жэшаў і Варшаву. Наш суразмоўца таксама лічыць, што гэта інфармацыйная атака, пачатая адразу пасля мяцяжу Прыгожына. Спачатку яна была накіраваная на ўнутраную аўдыторыю Расеі, лічыць эксперт, бо ёй трэба было патлумачыць, чаму людзі, якія забілі расейскіх вайскоўцаў, збілі самалёт і павінныя быць знішчаныя, як казаў сам Пуцін, ходзяць на свабодзе і нават ніводзін валасок не ўпаў з іхных галоваў. У сувязі з гэтым і прыдумваліся розныя тэорыі, што гэта хітры план вялікага стратэга Пуціна, што вагнэраўцы будуць рэпрэзентаваць у Беларусі нейкія інтарэсы Расеі. А пасля расейцы, маўляў, пабачылі, што гэтую недарэчную дэзынфармацыю «купляюць» і некаторыя людзі на Захадзе – таму гэтая ідэя была развітая, і цяпер ужо ідзе масіўная інфармацыйная атака, накіраваная не на ўнутраную, а на заходнюю аўдыторыю.

Пяць тысяч наймітаў не могуць пагражаць NATO

Гаворачы пра тое, ці варта Польшчы і Літве баяцца прысутнасці вагнэраўцаў у Беларусі, Марус Лаўрынавічус падкрэсліў, што калі б «пяць тысячаў лёгка ўзброеных наймітаў уяўлялі пагрозу NATO як блоку, тады б, напэўна, NATO трэба было распусціць, бо ніякай карысці ад гэтай арганізацыі няма».

Калі ж казаць пра тое, што пагроза Літве і Польшчы звязаная з тым, што цяпер каля іх межаў узрасла колькасць расейскіх салдатаў, то, як адзначыў эксперт, гэта таксама няпраўда, бо мінулаю восенню і на пачатку зімы ў Беларусі было нашмат больш расейскіх салдатаў, чым цяпер.

У той жа час Марус Лаўрынавічус адзначыў, што сама пагроза з боку Расеі і Беларусі нікуды не знікла – яе і ў Літве, і ў Польшчы ўсе ацэньваюць сур’ёзна. Рыхтуецца да гэтай пагрозы і ўвесь блок NATO, бо прынятыя новыя планы абароны і іншыя захады. Але гэта ніяк не звязана з прыходам у Беларусь пяці тысячаў наймітаў.

Датычна таго, ці могуць выкарыстаць вагнэраўцаў у міграцыйным крызісе, пераапрануўшы іх у мігрантаў, эксперт адзначыў, што тэарэтычна гэта магчыма, але практычна не. Бо калі рыхтуюцца такія аперацыі, то гэта адбываецца ў поўнай сакрэтнасці.

У той жа час і Пуцін, і Лукашэнка і словамі, і дзеяннямі звярнулі ўвагу на тэарэтычную пагрозу з боку вагнэраўцаў. Таму цяпер усе заходнія спецслужбы кругладзённа назіраюць за тым, што адбываецца з наймітамі ды якая ў іхным распараджэнні ёсць тэхніка, і ў такой сітуацыі рыхтаваць падобныя правакацыі вельмі складана, кажа эксперт.

Меркаванні
Вагнэраўцаў павінны баяцца беларусы, а не палякі
2023.07.25 11:26

Раман Шавель  belsat.eu

Стужка навінаў