Пайшоў бярозавік


У Беларусі пайшоў бярозавік – улюбёны напой шмат каго з беларусаў. Як правільна яго збіраць і захоўваць, каб не нашкодзіць сабе і прыродзе?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Смачны і карысны. Бярозавік – крыніца мінералаў і вітамінаў. Асабліва, паводле нутрыцыёлага Алесі Трыфан, ён каштоўны праз утрыманне марганцу, які важны для імунітэту, для нервовай сістэмы чалавека і ўдзельнічае ў многіх працэсах, такіх як сінтэз бялкоў.

Збор бярозавіку пачынаюць увесну, калі спадаюць начныя маразы. Звычайна ў канцы сакавіка. Пры дзённай тэмпературы не вышэйшай за плюс дзесяць. У гэты час напой збіраюць лясгасы. Там яго можна набыць.

Збіраць бярозавік на продаж могуць толькі індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы. Для асабістага ўжытку можна самім – бясплатна. Але абавязковы дазвол ад лясніцтва. Яго працаўнікі пакажуць прыдатныя дрэвы. Саспелыя, не пашкоджаныя, з дыяметрам ствала дваццаць і болей сантыметраў. Яго мераюць на вышыні каля паўметра. Рабіць адтуліны для нарыхтоўвання варта свердлам, кажа аператар «Зялёнага тэлефону» Ягор. Сякерай рабіць гэта будзе шкодна для дрэва, ёй можна толькі счысціць кару.

Колькасць адтулінаў залежыць ад дыяметру. Калі ён не перавышае 26 см, можна рабіць адну адтуліну. Дзве адтуліны можна высекчы пры дыяметры ад 27 да 34 см, тры, калі дыяметр дрэва ад 35 да 40см, і чатыры, калі большы за 40 см.

Збор бярозавіку.
Фота: https://be.wikipedia.org/

У адтуліну ўстаўляем жолаб з нержавейнага металу. Ёмістасць мяняем паводле напаўнення – не радзей чым раз на содні.

Закончыўшы збор, клапоцімся пра дрэва, каб яно не захварэла. Найперш трэба зняць жолаб, адтуліны зачыніць драўляным коркам. Пасля замазаць садовым уварам або глінай з вапнай ці жывіцай.

Захоўваць бярозавік лепш у шкляным шчыльна закрытым посудзе ў цёмным месцы пры тэмпературы ад нуля да плюс дзесяці. Паводле Алесі Трыфан, ужываць можна бярозавік свежым або ферментаваць, што нават лепей для страўніка. Можна кансерваваць і проста замарожваць.

Нельга збіраць бярозавік у прыродаахоўных і адпачынкавых зонах, у ахоўных межах гістарычна-культурных каштоўнасцяў. А таксама ў населеных пунктах, каля чыгункі і аўтадарог, на ўзбярэжжах рэк і ў месцах, забруджаных радыяцыяй. За парушэнне правілаў – штрафуюць.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»