Дзень Волі: 106 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць БНР


106 год з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі. Беларускі і беларусы ва ўсім свеце святкуюць гэтую дату. Усе, хто падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, віншуюць нас з Днём Волі. Давайце паглядзім, як гэты дзень праводзяць нашыя суайчыннікі ў розных краінах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Святкаванне Дня Волі беларусы Вільні пачалі з наведвання могілак Росы. Тут яны ў першую чаргу ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў. Гэта пракаментаваў праваслаўны святар айцец Георгій Рой:

«Гэтая памяць мусіць перадавацца з пакалення ў пакаленне, гэтыя людзі моцна паўплывалі на гісторыю нашага народу, а абавязак кожнага беларуса – памятаць і ўшаноўваць».

106 таму 25 сакавіка чальцы Рады БНР абвясцілі ў Менску незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – нашай першай нацыянальнай дзяржавы. Вялізную ролю ў гэтым адыгралі браты ЛуцкевічыАнтон і Іван. На знак пашаны беларусы Вільні ўсклалі кветкі ды запалілі знічы і на іхных могілках.

«25 сакавіка, што мы цяпер адзначаем, найперш іхная заслуга, бо Антон Луцкевіч быў аўтарам Трэцяй устаўной граматы. І, напэўна, без іх не адбылося б гэтага абвяшчэння незалежнасці, гэтага Дня Волі», – распавяла былая зняволеная, даследніца гісторыі Беларусі Валерыя Чарнаморцава.

З могілак Росы да сейму Літвы рушыў аўтапрабег пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Ягоная арганізатарка –

дырэктарка валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава – кажа:

«Згадваюцца людзям тыя аўтапрабегі, якія яны ладзілі ў Беларусі. З іншага боку, гэта выклікае вялікія пазітыўныя эмоцыі ў мясцовага насельніцтва і гэта ў нейкім сэнсе шлях дадому».

«Для мяне БНР – гэта мая Радзіма. І гэта тая дзяржава, якая мае быць у будучыні», – кажа хлопец Барыс.

«Бачыце, я трымаю сцяг Літвы. Я вельмі ўдзячны, што нас тут прытулілі і далі прытулак ад бандыцкага рэжыму Беларусі», – кажа былы палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны.

Менавіта Літва стала часовым домам для абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Яна ў сваім віншаванні адзначыла, што беларусы вымушаныя ладзіць свае ўрачыстасці ў замежжы і што робяць гэта яны з цяжкім сэрцам, бо тысячы нашых суайчыннікаў застаюцца ў закладніках рэжыму Лукашэнкі, а нашая Радзіма – у закладніках рэжыму Пуціна.

«Наш гістарычны досвед – гэта вынік змагання і працы тысяч беларусаў. І гэта яшчэ адзін доказ таму, што нават у самых складаных умовах мы здольныя яднацца, каб бараніць сваё», – кажа Святлана Ціханоўская.

Беларусы ладзяць афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды Дня Волі яшчэ мінімум у пятнаццаці краінах свету. Вядома, большасць з гэтых імпрэзаў адбываецца ў Польшчы, дзе пражывае найвялікшая беларуская дыяспара. Напярэдадні ў Варшаве адбыўся святочны марш.

Дзень Волі-2024. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«106 – глыбіня беларускай гісторыі. Тады, 106 гадоў таму, беларусы сказалі: мы хочам жыць у вольнай незалежнай краіне. 106 гадоў мы вядзём гэтую барацьбу з поспехам. Быў час, калі мы былі сапраўды незалежныя. Пазней прыйшоў узурпатар, які хоча знішчыць нас», – распавядае Павел Латушка.

Рада БНР з нагоды Дня Волі ўзнагародзіла тытуламі кавалера ордэну Пагоні палітыка Зянона Пазняка і праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Шэраг выбітных беларусаў атрымаў іншыя ўзнагароды.

«Няма ў нас большага скарбу, як свая дзяржаўнасць. Не дайце ўзурпатарам прадаць яе ворагам ды асіраціць нас, – кажа старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. – Нашым абавязкам ёсць даказаць, што народ наш не хоча вайны, а толькі жыць спакойна на ўласнай зямлі».

Свае віншаванні з нагоды Дня Волі выказалі былы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля, афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, Швецыі, Латвіі, Польшчы, Славеніі ды іншых краінаў.

Беларусам у Беларусі святкаваць Дзень Волі публічна можа быць небяспечна праз пагрозу палітычнага пераследу. Наўзамен можна паглядзець дакументальны фільм пра гісторыю Беларусі, пачытаць беларускамоўную кніжку або далучыцца да онлайн-канцэрту на ют’юб-канале «Годна».

Аліна Скрабунова, «Белсат»