Што будзе з коштамі і рублём?


Беларускі рубель аслабеў адносна амаль усіх міжнародных валютаў. На гандлях Беларускай валютна-фондавай біржы долар вырас на чвэрць адсотка, еўра – на адну пятую адсотка. Гэта не так і шмат, эксперты раяць не панікаваць. А вось расейскі рубель прасеў яшчэ мацней за наш. Разам з тым адносна коштаў на тавары і паслугі беларускі рубель трымаецца няблага, прынамсі за мінулы год інфляцыя моцна не разагналася. Чаму? І ці варта чакаць рэзкіх падаражэнняў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хто ў Беларусі працуе сабе ў шкоду, бо так загадаў Лукашэнка? Вялікі сакрэт. Сёння Нацыянальны статыстычны камітэт абнавіў эканамічную статыстыку стратных арганізацыяў – так вынікае з ягонага сайту, бо стаіць пазнака 25-га студзеня. Але калі адкрыць гэтую інфармацыйную базу, то апошні год, у якім пазначаная ўдзельная вага стратных і банкрутных прадпрыемстваў – 2022-гі.

«Вы маеце на ўвазе стратныя? Наколькі я разумею, у нас пра стратныя інфармацыя абмежаванага распаўсюду», – кажа начальніца Галоўнага ўпраўлення каардынацыі і развіцця статыстычнай сістэмы (Белстат) Ала Біленка.

І гэта не першы выпадак. Раней там засакрэцілі статыстыку аб гандлі з Расеяй, звесткі з дзяржаўнага бюджэту ды індэкс прыбыткаў насельніцтва. Белстат – Нацыянальны статыстычны камітэт – цяпер выконвае функцыі ідэалагічнага органу, а не эканамічнага інструменту, мяркуе эканамістка Аліса Рыжычэнка. Таму пакуль немагчыма верыць на 100 % усім апублікаваным звесткам, у тым ліку пра рост коштаў на тавары для насельніцтва.

«Юрыдычныя асобы, справаздачныя дзяржаўным органам, здаюць звесткі спачатку ў мясцовыя дзяржаўныя статыстычныя органы, або ўпаўнаважаныя займацца статыстыкай. І далей гэтыя звесткі перадаюць у Менск. Фактычна фальсіфікацыя або падгонка гэтых звестак да патрэбных паказнікаў можа адбывацца на кожным з узроўняў», – тлумачыць эканамістка Аліса Рыжычэнка.

На сёння ў Беларусі кошты ў крамах – замарожаныя ці ахалоджаныя, каб утрымаць інфляцыю. Афіцыйна кошты на тавары за мінулы год выраслі ўсяго на 5,8 %. Праўладныя эксперты заяўляюць, што гэта вялікі поспех Лукашэнкі.

«Кіраўніком дзяржавы зацверджаныя мэтавыя паказнікі грашова-крэдытнай палітыкі на 2024 год. Прырост спажывецкіх цэнаў запланаваны не больш за 6 %. Гэта рэалістычны арыенцір пры ўмове, што не адбудзецца новых рэзкіх зменаў у свеце», – заявіла дзяржаўным СМІ Юлія Абуховіч з кафедры эканомікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту.

Паводле Белстату, летась з харчоў найбольш падаражэла гародніна, садавіна, алкаголь і асобна курыныя яйкі. З нехарчовых тавараў найбольш падаражэлі лекі, дываны, друкаваныя выданні і легкавыя аўтамабілі. З паслугаў – турызм, паездкі чыгункай, адпачынак у санаторыі і паслугі юрыстаў. І ўсё гэтае падаражэнне адбылося адначасова з загадам трымаць кошты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія капейкі.
Фота: Белсат

«У канцы 2022 года цэнавая палітыка была зробленая значна больш жорсткай перадусім для прадаўцоў. Такія меры добрыя, яны працуюць, калі ёсць вельмі высокія тэмпы інфляцыі», – нагадвае эканаміст Аляксей Харкевіч.

А вельмі высокіх тэмпаў не было, гэта вынікае з афіцыйнай статыстыкі. Чым абярнулася забарона падвышаць кошты? Рэзка ўпалі прыбыткі ў гандлі – амаль на палову. Пацярпелі і аграрыі, і іншыя галіны гаспадаркі. Зачыніліся або моцна пацярпелі гандлёвыя сеткі «Віталюр», АЛМІ, «Буслік» і «Выспа чысціні». Але кошты працягнуць стрымліваць.

«Хутчэй за ўсё ў наступным годзе выйдзем на параметры 2018-2019 гадоў – 4-4,5 % (інфляцыі)», – мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пры гэтым беларусы нават афіцыйна праядаюць свае грошы. Паводле Белстату, 36 % усіх выдаткаў ідзе на ежу і безалкагольнае пітво, яшчэ па 10 % – на камунальныя паслугі і транспарт. Гэта паказнік беднасці, кажа экспертка.

«Нават у Польшчы выдаюць каля 17 % ад усіх выдаткаў, у Нямеччыне – каля 14 % ідзе на ежу, у Літве – каля 20 %. І Беларусь з 36% ідзе бліжэй да краінаў Трэцяга свету – Конга, Нігерыі, – дзе на ежу выдаткоўваюць больш за 60 %», – тлумачыць эканамістка Аліса Рыжычэнка.

«Белсат» – не Белстат, але мы апыталі нашых гледачоў, колькі яны выдаюць на ежу і пітво. І ў тэлеграм-канале «Белсату», і на нашым Youtube большасць наведнікаў з Беларусі «праядае» палову ці нават дзве траціны заробку.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»