Беларускага рэжысёра ўзнагародзілі брытанскім ордэнам


Брытанскі рыцарскі ордэн для беларускага рэжысёра. На цырымоніі ва Ўіндзарскім замку рэжысёр Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін атрымаў узнагароду Брытанскай імперыі. Летась гэткім самым ордэнам была ўшанаваная сузаснавальніца і сукіраўніца тэатру Наталля Каляда. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прызнанне манаршага ўзроўню для Мікалая Халезіна. Ордэн Брытанскай імперыі для кіраўніка Беларускага свабоднага тэатру – далёка не першая ўзнагарода, але рэагуе на яе рэжысёр шчыра і кранальна:

«Я хачу проста падзякаваць… Не кожнаму выпадае атрымаць другую радзіму. Дзе цябе любяць, дзе цябе прызнаюць, дзе з табой лічацца. Гэта нейкі шчаслівы латарэйны білет».

Ордэнам Брытанскай імперыі ўзнагароджваюць, сярод іншага, выбітных дзеячаў, якія зрабілі ўнёсак у мастацтва і навуку. Мікалай Халезін атрымаў узнагароду з рук прынцэсы Эн. Летась ордэн уручылі жонцы рэжысёра і сукіраўніцы тэатру Наталлі Калядзе.

«Мы адчуваем, што існуем. Пра гэта кажа і Мікалай. Гаворка пра кожнага асобнага чалавека, які аддаў частку свайго жыцця нашым інсцэнізацыям, каб са сцэны давесці свету, што дыктатура – гэта не палітычная праблема, гэта праблема маральная», – кажа сукіраўніца БСТ Наталля Каляда.

Наталля Каляда і Мікалай Халезін.
Фота: Nicolai Khalezin / Facebook

У гісторыі Беларускага свабоднага тэатру, якая пачалася ў 2005-тым, было ўсё: выступы на сцэнах і прыватных кватэрах, пераслед з боку афіцыйных уладаў, эміграцыя. Тое, што ў Беларусі тэатр мусіў працаваць у падполлі, а потым з’ехаць з краіны, – не дзіўна, мяркуе прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык:

«Змаганне з беларускай культурай – гэта адзін з асноўных кірункаў працы лукашэнкаўскага рэжыму. Яны разумеюць, што народ, які звязаны адзінай культурай, моцны. Іхная задача гэтыя сувязі парваць».

Летась у Лонданскім тэатры «Барбікан» адбылася прэмʼера оперы паводле знакамітага твору Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», якая сабрала шматлікія станоўчыя водгукі. Да гэтага быў спектакль паводле «Сабакаў Еўропы» Альгерда Бахарэвіча. Але пастаноўкамі дзейнасць тэатру не абмяжоўваецца: трупа ладзіць палітычныя акцыі, стварае музычныя кліпы.

«Пасля 2020-га года БСТ стаў практычна адзіным калектывам, які стала і рэзанансна заяўляе пра беларускую культуру ў замежжы», – кажа тэатральны крытык Настасся Панкратава.

Онлайн-трансляцыю оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» глядзелі прынамсі 50 тысяч асобаў. Гэтая лічба лепш за самыя высокія ўзнагароды адказвае на пытанне, навошта існуе Беларускі свабодны тэатр і дзеля чаго працуюць ягоныя стваральнікі, цяпер рыцары ордэну Брытанскай імперыі Мікалай Халезін і Наталля Каляда.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»