Адзёр у Беларусі: медыкі заклікаюць вакцынавацца


Сітуацыя з адром у Беларусі стабільная. Гэтак запэўніваюць у Міністэрстве аховы здароўя. Паводле звестак ведамства, цяпер у краіне зарэгістраваныя каля 60 выпадкаў захворвання ўва ўсіх рэгіёнах, акрамя Берасцейшчыны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Захворванне сур’ёзнае, у 40 % выпадкаў дае ўскладненні, такія як паражэнне мозгу, энцэфаліт, атыты, уплыў на органы зроку, пнеўманія», – адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Тарасенка.

Першымі сімптомамі адзёр нагадвае звычайную прастуду. Павышаецца тэмпература, зʼяўляюцца насмарк і кашаль, вочы запаляюцца і чырванеюць, цякуць слёзы. Галоўная ж прыкмета адру – сып, які зʼяўляецца на 4-5-ы дзень і распаўсюджваецца з галавы і шыі на тулава і канцавіны. Аднак асноўная праблема заключаецца ў тым, што няма адмысловага лячэння для адру, адзначыў педыятр Міхаіл Самборскі:

«Атрымаць імунітэт – то бок абарону ад гэтай інфекцыі – можна толькі двума шляхамі. Альбо перахварэць на адзёр, што, канешне, не вельмі добры варыянт. Альбо – вакцынацыя. І трэцяга няма».

У Беларусі прышчэпкі ад адру робяць двойчы: калі дзіцяці спаўняецца год і шэсць гадоў. Але і ў сталым веку варта прайсці вакцынацыю. Прынамсі тым, хто не быў прышчэплены ў дзяцінстве або не хварэў на адзёр.

«У першую чаргу звычайна вакцынуюць дзяцей, бо між дзецьмі вірус адру добра перадаецца. Гэта датычыць такіх дзіцячых калектываў, як дзіцячы садок або школа. Звычайна ў групе рызыкі студэнты, якія таксама пастаянна кантактуюць. Але па меры таго, як накопліваецца колькасць людзей без імунітэту, нават большасць хворых на адзёр могуць складаць дарослыя», – патлумачыў кіраўнік Нацыянальнай тэхнічнай групы экспертаў у пытаннях імунапрафілактыкі ва Украіне Фёдар Лапій.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прышчэпка.
Фота: Privivkainfo

Сёлета выпадкі адру ў Беларусі пачалі рэгістраваць яшчэ ў красавіку. Упершыню з 2021 года. Дагэтуль пікі захваральнасці былі ў 2018 і 2019 гадах. Паводле Фёдара Лапія, гэта можна патлумачыць цыклічнасцю, характэрнаю для адру:

«Гэтая цыклічнасць звязаная з тым, што за пэўны перыяд часу збіраецца колькасць людзей, якія не прайшлі вакцынацыі, і якраз яны спрыяюць узнікненню такіх успышак. А калі з года ў год падтрымліваць узровень вакцынацыі 95 % і вышэй, адпаведна з календаром прышчэпак, то такой цыклічнасці не адбываецца».

Траціна выпадкаў адру – прывезеныя з-за мяжы. Прынамсі, з Расеі. У суседняй краіне захваральнасць адром за 9 месяцаў павялічылася ў 300 разоў. Неўзабаве навагоднія святы, калі расейцы традыцыйна паедуць у Беларусь. Ці плануюць чыноўнікі ад аховы здароўя прымаць прафілактычныя захады?

«Вірус адру мы не спынім такімі захадамі, як мы змагаліся з грыпам ці каронавірусам. Вірус адру вельмі заразны і лятучы», – адказалі нам у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Таму эксперты яшчэ раз нагадваюць пра важнасць вакцынацыі. Ды раяць прытрымлівацца простых захадаў гігіены, у тым ліку добра мыць рукі ды насіць маскі ў месцах канцэнтрацыі людзей.

Ірына Юрʼева, «Белсат»