Пагроза адру ўва ўсім свеце працягвае расці. А што ў Беларусі?


У Міністэрстве аховы здароўя расказалі, колькі выпадкаў адру зарэгістравана ў краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Gustavo Fring / pexels.com

У Беларусі на сённяшні дзень зарэгістравана 59 выпадкаў захворвання на адзёр. Такую лічбу назваў намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка.

Паводле яго, выпадкі захворвання зарэгістраваныя ўва ўсіх рэгіёнах краіны за выключэннем Берасцейскай вобласці. У траціне выпадкаў захворванне звязанае з выездам за межы Беларусі.

«Апошнія выпадкі кажуць пра тое, што захворваюць дзеці, бацькі якіх адмовіліся ад вакцынацыі ў адпаведнасці з нацыянальным календаром прышчэпак супраць адру, краснухі і эпідпаратыту», – кажа Тарасенка.

У Беларусі такая прышчэпка робіцца планава ў 1 год і ў 6 гадоў, а таксама прышчэпкі робяцца ўсім, хто кантактаваў з хворым на адзёр.

«Пасля захворвання імунітэт практычна пажыццёвы. Калі казаць пра клінічныя праявы – гэта слабасць, недамаганне, тэмпература, пяршэнне ў горле, кашаль. На 4-5-ы дзень – сып, які пачынаецца з галавы, шыі і ідзе на тулава і канцавіны», – адзначыў Тарасенка.

Паводле яго, у 40 % выпадкаў захворванне на адзёр дае ўскладненні, у тым ліку пнеўманію, таму варта рабіць прышчэпкі.

Паводле звестак САЗ, у свеце зарэгістравана больш за 9 мільёнаў выпадкаў адру, больш за 170 тысячаў – са смяротным вынікам. У Расеі захваральнасць на адзёр вырасла амаль у 300 разоў.

Hавiны
У Беларусі выявілі 15 выпадкаў адру. Першыя хворыя прыехалі з Расеі
2023.05.12 15:06

СП, belsat.eu

Стужка навінаў