Што стаіць за ваяўнічай рыторыкай Лукашэнкі?


Чым бліжэй вучэнні NATO на тэрыторыі Польшчы і краінаў Балтыі ды Нямеччыны, тым гучней Беларусь заяўляе пра нарошчванне сілаў на заходніх межах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Магчымасці ўзброеных сіл дазваляюць супрацьстаяць тым сілам, якія будуць удзельнічаць у дадзеных вучэннях, прадэманстраваць адэкватны адказ на ўсе пагрозы, якія будуць паступаць з боку Захаду», – заяўляе першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч.

Што праўда, не згадвае Гулевіч пра чыннікі, што паспрыялі пастанове краінаў Захаду праводзіць самыя буйныя з часоў халоднае вайны манеўры. То бок, пра інспіраваны рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі мігранцкі крызіс, а найперш – пра агрэсію Расеі супраць Украіны з выкарыстаннем беларускае тэрыторыі.

«Вельмі важна і тое, што Беларусь і Расея маюць супольную вайсковую стратэгію супраць Захаду, а таксама роля Беларусі ў размяшчэнні расейскай ядравай зброі на сваёй тэрыторыі. Таму гэта цэлы спектр актыўнасцяў, якія мы не можам трактаваць як сяброўскія. Усё наадварот», – кажа галоўны дарадца прэзідэнта Літвы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Кястуціс Будрыс.

Рыторыку ў стылі «навокал ворагі» рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ці не цягам усяго перыяду свайго існавання. Да адкрытай жа канфрантацыі з краінамі Захаду далей за словы справа пакуль не ішла.

«Лукашэнка не адважыцца на нейкія такія дзеянні, прынамсі, на сёння гэта так выглядае. Апошнія два гады амаль не адбываюцца абстрэлы з тэрыторыі Беларусі, паменшылася інтэнсіўнасць прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, менавіта такіх кінетычных, якія наўпрост уздзейнічаюць на Украіну. Ён будзе намагацца ўсімі сіламі проста схаваць і захаваць свае войскі ад якога б ні было ўдзелу ў вайсковых канфліктах», – выказвае меркаванне палітолаг, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Берасцейскую вобласць.
Фота: president.gov.by

Заходнія краіны таксама рэагуюць пераважна не на словы Лукашэнкі, а на дзеянні Расеі. Напярэдадні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што афіцыйная Масква хоча кінуць выклік усяму NATO.

«Беларусь у першую чаргу разглядаецца як суагрэсар. І таксама яна разглядаецца як сатэліт, як краіна, што падпарадкоўваецца Расеі. Гэта трэба разумець, трэба прызнаць, як бы цяжка ні гучала. Але разам з тым ёсць пэўны падзел на Захадзе на тых, хто разумее, што адбываецца ў Беларусі і Расеі, і на тых, хто не разумее», – дадае Аляксандр Казак.

Перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне Пуцін заяўляў, што мэта Расеі, у тым ліку, стрымаць пашырэнне NATO ды нават вярнуць вайсковую інфраструктуру блоку ў стан на 1997 год. У выніку ж супольных з рэжымам Лукашэнкі дзеянняў атрымалася зусім наадварот – Альянс пашыраецца на Фінляндыю.

А цяпер – і на Швецыю. Напярэдадні турэцкі парламент ухваліў заяўку краіны на ўваход у NATO, якую Турцыя адмаўлялася ратыфікаваць больш за год. Канчатковай пастанове магла паспрыяць выдача Швецыяй часткі асобаў, падазраваных турэцкім бокам у тэрарызме.

«Другое – Турцыя ўсё ж такі хоча атрымаць найноўшыя самалёты F-35 з ЗША. Ну і трэцяе, чаго ўвесь час дабівалася Турцыя, – гэта чалецтва ў Еўразвязе», – мяркуе вайсковы эксперт, афіцэр запасу Літвы Дарус Антанайціс.

З уваходам Швецыі ў Альянс зменіцца і геапалітычная рэчаіснасць. Для Расеі – у першую чаргу.

«Балтыйскае мора стане ўнутраным морам NATO. У гэтым выпадку Эрдаган згуляў дакладна не на карысць Пуціну, бо цяпер Балтыйскі флот Расеі абсалютна закрыты ў партах. І, каб неяк выйсці ў адкрытыя воды, флоту патрэбны дазвол NATO», – дадае Дарус Антанайціс.

Ухваліць пры першай магчымасці заяўку скандынаўскай краіны заклікаў парламентарыяў і прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»