Нацыянальнаму мастацкаму музею споўнілася 85 гадоў


Восемдзесят пяць гадоў таму паўстала Дзяржаўная мастацкая галерэя Беларусі. Сёння яна вядомая як Нацыянальны мастацкі музей. З нагоды дня народзінаў у музеі адкрылася выстава афішаў і фотаздымкаў пра самыя знакавыя старонкі яго гісторыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Шаноўны Нацыянальны мастацкі музей, з Днём народзінаў цябе і ўсіх тых, хто спрычыняецца і спрычыняўся да таго, каб ты існаваў, квітнеў і яшчэ больш расквітнеў у будучыні!» – гэтак з 85-годдзем павіншаваў Нацыянальны мастацкі музей аўтар Youtube-каналу «Около культуры» Мікіта Моніч.

Восем гадоў жыцця ён прысвяціў працы ў культурніцкай установе. Аднак у 2020 годзе Мікіту звольнілі з палітычных прычынаў. Пасля чаго ён мусіў пакінуць Беларусь.

«Нацыянальны мастацкі музей – гэта адлюстраванне грамадства. Нічым не адрозніваецца, таму, зразумела, што былі людзі, якія звольненыя, хтосьці пайшоў сам. Нацыянальны мастацкі такім чынам страціў пэўную колькасць важных для музею працаўнікоў, адданых сваёй справе, якія любілі і любяць гэты музей. Гэта вялікая страта», – прыгадаў тую сітуацыю блогер.

Агулам Нацыянальны мастацкі музей страціў каля дваццаці працаўнікоў пасля 2020 года. Летась кантракт не працягнулі з генеральным дырэктарам – Уладзімірам Пракапцовым. На ягонае месца прызначылі Ганну Конанаву – адкрытую прыхільніцу палітыкі Лукашэнкі. І ўсё ж ва ўстанове застаюцца тыя, каму неабыякавая музейная справа.

«Грошы, што атрымліваюць спецыялісты, якія працуюць у Нацыянальным мастацкім музеі… Я магу сказаць, што гэтыя людзі проста адданыя сваёй працы, бо за гэтыя грошы немагчыма жыць. На гэтым прыкладзе можна і вызначыцца, як падтрымліваюць культуру», – тлумачыць былы працаўнік музею, мастак Антось Радзівонаў.

Закранула палітычная сітуацыя ў Беларусі і экспазіцыйную частку музею. Пасля гвалтоўных дзеянняў сілавікоў у дачыненні мірных пратэстоўцаў ды рэпрэсіяў супраць працаўнікоў установы спынілася супраца з усімі еўрапейскімі інстытуцыямі.

Нацыянальны мастацкі музей. Менск, Беларусь. 17 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«А замест гэтага, канешне ж, узмацняюцца стасункі з расейскімі інстытуцыямі. Рэгулярным чынам мы бачым, што прыехаў дырэктар разанскага, саратаўскага музею і якісьці яшчэ», – зазначае Мікіта Моніч.

Расейскае мастацтва і дагэтуль складае значную частку фондаў музею, бо ў часе войнаў захаваць уласных каштоўнасцяў не атрымалася. Аднаўляць раскрадзеную немцамі калекцыю давялося на фінансаванне з Масквы.

«Грошы былі вылучаныя на набыццё перадусім твораў расейскага мастацтва. Пасля вайны была сітуацыя, што можна было нават у прыватных калекцыянераў набыць сапраўдныя каштоўнасці. І гэта дазволіла сабраць вельмі нядрэнную калекцыю расейскага мастацтва, якая лічыцца адной з найлепшых за межамі Расеі», – тлумачыць сацыёлаг, прадстаўнік інстытуту «Палітычная сфера» Аляксей Ластоўскі.

На маскоўскія грошы набылі і сапраўдныя пярліны сусветнага мастацтва: карціну «Ля касцёлу» Фэрдынанда Рушчыца і «Давер АляксандраМакедонскага да лекара Філіпа» Генрыха Семірадскага. З твораў айчыннага мастацтва, якія ўдалося вярнуць, можна ганарыцца калекцыямі беларускага іканапісу, шляхецкага партрэту, працаў Язэпа Драздовіча, Міхася Філіповіча, Станіслава Жукоўскага, Вітольда БялыніцкагаБірулі.

«Ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з сучасным мастацтвам. Гэта заўжды такая бяда: каго адбіраць, як рэпрэзентаваць. І тут, мне здаецца, гэты раздзел – адзін са слабейшых з гледзішча прадстаўнічасці. Але ў цэлым – гэта той музей, якім нашая краіна можа справядліва ганарыцца», – адзначае сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.

Бо пакуль установа выконвае сваю галоўную функцыю – захаванне твораў сусветнага і нацыянальнага мастацтва.

Аліна Скрабунова, «Белсат»