ЦВК ставіць новыя рэкорды датэрміновага галасавання


Цэнтральная выбарчая камісія зноў паведамляе пра высокую яўку – за тры дні паўдзельнічалі ў выбарах амаль 24,5 % выбарнікаў. На першым месцы апынулася Гомельшчына з 30 %. Напрыканцы спісу – Гарадзеншчына, нягледзячы на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да прыкладу, мясцовых футбалістаў датэрмінова прагаласаваць пераканаў інспектар па вобласці Юрый Караеў. З другога боку, улады хочуць:

«Каб усё прайшло святочна, утульна, як у нас у краіне зачастую яно праходзіць», – заявіў адзін з віцебскіх чыноўнікаў.

Уласна, на адсутнасць святочнага настрою, паводле праўладнага Цэнтру грамадскага назірання за выбарамі, скардзяцца выбарнікі. Але святочныя мерапрыемствы ўлады абяцаюць у асноўны дзень галасавання. Заманьваюць не толькі бізуном, але і пернікам: жыхарам Барысаўшчыны, што прыйдуць галасаваць у нядзелю, будуць уручаць такі слодыч.

«Спрабуюць зрабіць выбары адчуваннем свята. Але як можа быць адчуванне свята, калі прапагандысты паказваюць па тэлевізары ролікі, створаныя сілавікамі, дзе таго выбарніка, які сфатаграфаваў бюлетэнь, адразу заломваюць і цягнуць у пастарунак?» – задаецца пытаннем палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Скаргаў на парушэнні падчас галасавання – няма, сцвярджае Цэнтральная выбарчая камісія. А тэлефанаванні ў кол-цэнтр тычацца інфармацыйных пытанняў.

«Крыніцай скаргаў з’яўляюцца або назіральнікі, а незалежных назіральнікаў цяпер няма ні міжнародных, ні нацыянальных. Або яшчэ крыніцамі скаргаў могуць быць самі кандыдаты ў дэпутаты і і х каманды. А палітычнага канкурэнтнага асяроддзя таксама няма», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

У выбарах без канкурэнцыі загадзя вядома, хто будзе дэпутатам, сцвярджае ініцыятыва «Сумленныя людзі». Актывісты з дапамогай штучнага інтэлекту склалі свой прагноз, якому даюць 95 % імавернасці.

«Чаму мы ўзяліся за гэту мадэль? Каб абазначыць, што нават да пачатку выбараў да галасавання ўжо можна фіксаваць, каго прызначаць. Прасочваецца сістэмнасць, крытэрыі. Не вельмі сістэма напружваецца, каб вынаходзіць складаныя хады».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак у Дзеркаўшчыне. Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Белсат

Адзінаю нечаканасцю ў гэтай сітуацыі можа стаць толькі раптоўнае зняцце з выбараў, як гэта зрабіла кандыдатка на Магілёўскай сельскай акрузе № 88 Наталля Тарасенка, якую, паводле прагнозу «Сумленных людзей», прызначылі дэпутаткай. Ці зробіцца замест яе дэпутатам асоба, пазначаная як «спойлер», бо некаторым «спойлерам» са спісу актывісты спрабавалі тэлефанаваць з прапановай падтрымаць іх агітацыяй?

«Я размаўляла з імі, і гэта дзівосныя гісторыі, калі яны казалі: толькі не трэба за мяне галасаваць, калі ласка, не звяртайце на мяне ўвагі», – распавядае Алена Жываглод.

З 1996-га года незалежныя назіральнікі і міжнародная супольнасць не прызналі адпаведнай дэмакратычным стандартам аніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі. На цяперашніх жа выбарах праваабаронцы ўвогуле не раяць тым, хто галасуе, праяўляць актыўнасць ды абвяшчаць пра парушэнні.

«Любая змястоўная скарга застанецца без рэальнага разгляду, будзе нейкая адпіска. А чалавек, які насмеліўся паведаміць пра нейкае парушэнне, трапіць у поле зроку спецслужбаў і можа быць пакараны», – кажа Павел Сапелка.

Апазіцыйныя палітыкі раяць увогуле не ўдзельнічаць у галасаванні.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»