Лукашэнка праспаў кантынгенты на памежжы


Сабраў генералаў і загадаў трымаць суседзяў на прыцэле. Аляксандр Лукашэнка зноў абвінаваціў у мілітарызме дзяржавы, што мяжуюць з Беларуссю, і паскардзіўся, што ва Украіне ідзе вайна. Але, ператварыўшы штогадовы подпіс вайсковага дакументу ў шоу, Лукашэнка выдаў, што асабіста – не кантралюе сітуацыі на памежжы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтыя вялізныя паперы з найбуйнейшым шрыфтам, бачным без акуляраў, – рашэнні на ахову дзяржаўнай мяжы Беларусі на 2024 год. Падпісваючы іх, Аляксандр Лукашэнка выслухаў справаздачу старшыні памежнага камітэту Канстанціна Моластава аб пагрозах з суседніх краінаў.

«Прымежная тэрыторыя Літвы актыўна выкарыстоўваецца таксама для дыслакацыі падраздзяленняў узброеных сіл ЗША і Нямеччыны. З іх удзелам рэгулярна праводзяцца вучэнні аператыўна-тактычнага ўзроўню. Усяго ў 2023 годзе было праведзена да 12 вучэнняў», – дакладваў Моластаў.

«То бок акрамя памежнага кантынгенту яны прыцягнулі туды ўзброеныя сілы, Латвія і Літва, у тым ліку замежныя?» – перапытаў старшыню свайго Памежнага камітэту Лукашэнка.

«Асабліва Літва, таварыш прэзідэнт», – адказваў Моластаў.

«Нямеччына, ЗША?» – распытваў Лукашэнка.

«Нямеччына і ЗША пераважаюць», – паведаміў яму Моластаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Захады па ўмацаванні аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

На паседжанні з кіраўнікамі вайсковых ведамстваў Лукашэнка назваў сябе старым памежнікам. Але на справе – выдаў, што праспаў сітуацыю на мяжы, падкрэслівае Сяргей Пеляса. Бо літоўцы ўзмацнілі памежжа войскамі яшчэ ў 2021-м годзе, калі Лукашэнка пачаў гібрыдныя атакі з выкарыстаннем нелегальнай міграцыі. А нямецкія і амерыканскія войскі знаходзяцца ў Літве ад моманту размяшчэння там батальённых баявых групаў NATO.

«Гэта часткі міжнародныя, шматнацыянальныя, якія складаюцца прыкладна з 1,5-2 тысяч жаўнераў у кожнай. І вось у гэтых кантынгентах ад 2017 года ёсць нямецкія часткі і амерыканскія часткі асобна, на палігоне ў Пабрадэ-Падброддзе», – тлумачыць рэдактар праграмы «Прасвет» Сяргей Пеляса.

Цяпер жа Лукашэнка заклікае да пільнасці:

«У нас асаблівая сітуацыя: на поўдні – вайна, на захадзе – Польшча, Літва, балтыйскія дзяржавы – і таго горш. Падкрэсліваю: і таго горш. Там рыхтуюцца адпаведныя атрады, палкаводцы вызначаныя».

Як мяркуе Сяргей Пеляса, Лукашэнка цяпер моцна хвалюецца перад набліжэннем буйных натаўскіх вучэнняў «STEADFAST DEFENDER» – даслоўна «Непахісны абаронца». Манеўры на ўсходнім флангу расцягнуцца ад лютага да траўня, і мусяць даць сігнал Расеі, што не варта нават думаць атакаваць Польшчу, краіны Балтыі ці іншых чальцоў Альянсу.

«На гэтым тыдні мы таксама пабачым пачатак вучэнняў “Непахісны абаронца”, найбольшых вучэнняў NATO за дзесяцігоддзі з удзелам 90 тысяч вайскоўцаў з 31-й краіны блоку і са Швецыі. Гэтыя вучэнні калектыўнай абароны – ясная дэманстрацыя нашай трансатлантычнай еднасці і моцы», – заявіў сёння генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Вайскоўцы Лукашэнкі ўзмацняюць ужыванне радыёвыведкі, будуюць у Гарадзенскай вобласці ўмацаванні «лініі Хрэніна», праводзяць чарговыя праверкі і вучэнні – без перапынку ад пачатку 2022-га года, дасылаюць жаўнераў на вучобу ў Расею і рыхтуюць новы варыянт ваеннай дактрыны і канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Старыя дакументы не абнаўляліся з 2016-га года, нагадвае Сяргей Пеляса:

«Прайшло амаль 2 гады вайны, і ў Беларусі дзейнічалі старая ваенная дактрына, і старая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Яны спачатку штосьці змянілі: мігранты, ядравая зброя, вагнэраўцы, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. А потым яны ўжо гэта на паперы зацвярджаюць».

Памежныя правакацыі таксама працягваюцца. Літоўская служба аховы мяжы заявіла пра парушэнне, здзейсненае беларускімі памежнікамі ў Ігналінскім раёне ў панядзелак. Беларускі ўзброены патруль зайшоў на літоўскую тэрыторыю на 2,5 м.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»