У Вільні адзначылі Дзень памяці паўстанцаў Каліноўскага


Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі з узнятымі рукамі прысягаюць Богу і Радзіме. Побач стаіць Цітус Далеўскі. Манах-францішканец добраслаўляе справу паўстання. Гэткая кампазіцыя з’явілася ў гістарычным цэнтры літоўскай сталіцы на тэрыторыі Францішканскага кляштару.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Каліноўскі – галоўны беларускі герой, – адзначыў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. – Постаць Каліноўскага яднае нас з суседнімі краінамі: Польшчай, Літвой і Украінай. Для многіх беларусаў ён доўгі час быў гэткім міфам. Яго вывучалі ў школе, чыталі ягоныя лісты. І ён стаўся часткай нашай барацьбы».

На ўрачыстасць прыйшлі каля 100 чалавек. У тым ліку – святары і вайскоўцы. Ды, вядома ж, беларусы, якія апынуліся сёння ў Вільні. Удзельнікі імпрэзы ўзгадвалі дэвіз паўстанцаў-каліноўцаў, актуальны і сёння: «Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна!»

На жаль, помнікі паўстанцам адкрываюць не беларусы. Ідэя належыць літоўскім каталікам, сродкі выдаткаваў Польскі нацыянальны фонд.

Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў пакаралі смерцю 22 сакавіка 1864 года на віленскім пляцы Лукішкі. Іхныя парэшткі знайшлі на гары Гедзіміна ў 2017 годзе і перапахавалі на могілках Росы ў Вільні.

А ў Беларусі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысвечаны паўстанню Каліноўскага, выкінулі са школьнай праграмы. Гімназію № 1 імя Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы – перайменавалі. Гісторык Аляксандр Пашкевіч глядзіць на ўсе гэтыя працэсы даволі песімістычна.

«Такая гістарычная палітыка складваецца, што з цягам часу Кастусь Каліноўскі будзе абвешчаны варожым элементам і адусюль яго выкінуць. Ён – на шчыце ў апанентаў улады. Той самы полк Кастуся Каліноўскага, якога баяцца, як агню, называецца ягоным імем».

Савецкія ўлады лічылі Каліноўскага барацьбітом з «клятым царызмам», шанавалі і да пэўнай ступені рамантызавалі ягоныя дзеі. Яшчэ ў 1927 годзе выпусцілі мастацкі фільм, дзе Кастусь Каліноўскі паказаны як правадыр у барацьбе за шчасце і волю простага народу. Ягоным імем называлі вуліцы, пра яго пісалі кнігі ды пʼесы. Імкнуліся прыстасаваць да савецкай ідэалогіі.

«Яго абвесцілі фактычна кіраўніком выключна сялянскага паўстання. Што, канешне, не адпавядала рэчаіснасці. Але ў гісторыі часам так робіцца, што прапаганда ідзе наперадзе гісторыі», – адзначыў гісторык Васіль Герасімчык.

У Вільні асвяцілі помнік удзельнікам паўстання 1863 года. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

«Усё змянілася, калі Лукашэнка ўзяў рашучы курс на збліжэнне з Расеяй. І Каліноўскі стаўся нязручным, – патлумачыў журналіст, суаўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» Зміцер Лукашук. – Кастусь Каліноўскі – гэта найперш чалавек, які паўстаў і ўзняў паўстанне супраць расейскага царызму. І тут словы: “расейскі” і “паўстанне” – вельмі важныя. Людзі паўсталі, каб абараніць свае правы, сваю годнасць, свой гонар, сваю незалежнасць».

А лукашэнкаўскі чыноўнік Ігар Сергеенка публічна абвінаваціў Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў у наўмысным знішчэнні беларускага народу. Франак Вячорка мяркуе, што Каліноўскі ў вялікай ступені вывеў людзей на пратэсты ў 20-м годзе. Імем Каліноўскага названы полк, які змагаецца за свабоду Украіны. І гэта адзін з нашых галоўных нацыянальных брэндаў.

Беларускія гісторыкі і грамадскія дзеячы аднадушныя ў тым, што без паўстання Кастуся Каліноўскага, без ягонага ўплыву на нацыянальную свядомасць не было б ані Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, ані незалежнай Беларусі ў 1991-м.

Марына Яновіч, «Белсат»