Ігар Сергеенка стаў новым кіраўніком Палаты прадстаўнікоў


Парламент абноўлены, а чаканні ад яго – старыя. А дакладней, асаблівых чаканняў няма. Сёння ў Палаты прадстаўнікоў 8-га склікання адбылося першае паседжанне. Прызначаныя дэпутаты амаль адзінагалосна абралі сабе старшыню. Як і чакалася, ім стаўся былы кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, генерал КДБ Ігар Сергеенка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

30 гадоў у КДБ, 5 гадоў на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі – і вось у Ігара Сергеенкі трэцяе працоўнае месца за кар’еру. Яго сёння прадказальна абралі старшынём ніжняй палаты так званага парламенту. Ці можна ўскладаць надзеі на нейкія змены з ініцыятывы новага спікера?

«Я не бачу тут ніякіх падставаў, каб меркаваць, што Сергеенка прыўнясе ў Палату прадстаўнікоў нешта прынцыпова новае, што ён будзе больш незалежным ці больш залежным, бо няма куды. Гэта функцыянер з Адміністрацыі Лукашэнкі, які цяпер кіруе Палатай прадстаўнікоў не з Адміністрацыі Лукашэнкі, а наўпрост з самой палаты. Вось, у прынцыпе, і ўся замена», – зазначае рэдактар выдання «Беларусский ежегодник» Вадзім Мажэйка.

Палата прадстаўнікоў 7-га склікання, якая афіцыйна скончыла сваю дзейнасць, не магла пахваліцца заканадаўчай ініцыятываю. Толькі 3 % законаў прынятыя на прапанову ўжо былых дэпутатаў. Восьмы склад ніжняй палаты абнавіўся на 81,8 %. Ці можа гэта сведчыць пра імаверную актыўнасць у будучыні?

«Гэта такое пятае кола ва ўладзе. Асабліва, што тычыцца гэтай новай сістэмы з Усебеларускім народным сходам так званым. Адпаведна, Палата прадстаўнікоў не грала ніякай ролі і далей не будзе граць. Яны не прапаноўваюць цікавых законапраектаў. Яны не галасавалі ці не выступалі неяк супраць прапанаваных законапраектаў. Гэта фактычна орган статыстаў», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Ігар Сергеенка. 21 лістапада 2023 года.
Фота: БелТА

Такая перастрахоўка хутчэй са звычкі, бо ў новай Палаце прадстаўнікоў толькі правераныя персанажы. Сярод іх – былы начальнік міліцыі Фрунзенскага раёну сталіцы, старшыня праўладнай Ліберал-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Застаўся тут былы спікер Уладзімір Андрэйчанка, які ў студзені адзначыў 75 гадоў. Прызначэнне атрымалі прапагандысты Вадзім Гігін і Аляксандр Шпакоўскі. Ёсць і Азаронак, але не Грыгорый, а ягоны дзядзька Віктар.

Інтрыга толькі адна, яе акрэсліў напярэдадні ў эфіры «Белсату» палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў:

«Адзінае, што чакаюць людзі, якіх называюць палітычныя эксперты, аналітыкі, – гэта пасля таго як Сергеенка, былы старшыня Адміністрацыі, відавочна, хутчэй за ўсё, стане старшынём гэтага парламенту, то хто зойме пасаду кіраўніка Адміністрацыі?».

Сярод прэтэндэнтаў называюць Максіма Рыжанкова, першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі. У меркаваным шорт-лісце таксама былы старшыня КДБ, памочнік Лукашэнкі ў Берасцейскай вобласці Валерый Вакульчык. Іншымі імавернымі кандыдатамі медыі лічаць кіраўніка Гарадзеншчыны ды экс-міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і віцэ-прэмʼера Мікалая Снапкова.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»