Куды знік берасцейскі чыноўнік?


Берасцейскі аблвыканкам застаўся без першага намесніка старшыні. На сайце рэжымнай установы ў раздзеле «Кіраўніцтва» зніклі згадкі пра Валянціна Зайчука. Паводле інфармацыі парталу «Reform.by», топ-чыноўніка затрымалі за хабар. Пракаментаваць справу мы папрасілі былога працаўніка Берасцейскага аблвыканкаму Арцёма Брухана.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Верагодна, затрымалі яго значна раней, але дачакаліся моманту, каб можна было прыбраць з сайту. Бо будзе так, што ён звольніўся, ці скончыўся кантракт, ці па дамове бакоў разарвалі, каб злачынцам быў ужо экс-чыноўнік, а не дзеючы», – заявіў былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

Пустое месца і ў графіку асабістага прыёму грамадзянаў і юрыдычных асобаў, што ўваходзіла ў абавязкі Зайчука. Прозвішча чыноўніка нейкі час захоўвалася ў беларускамоўнай версіі сайту, але на момант стварэння гэтага сюжэту знікла і адтуль. Ніякай афіцыйнай заявы пра знікненне Зайчука дагэтуль не прагучала.

«Калі ёсць магчымасць кагосьці пакараць, паказаць, якія дрэнныя чыноўнікі і які добры Лукашэнка – ён гэта зробіць. Можа пасля выбараў гэта будзе, можа пад ВНС, можа пасля ВНС. Тут трэба будзе сачыць за развіццём падзеяў», – лічыць Арцём Брухан.

На знікненне чыноўніка звярнуў увагу лукашэнкаўскі прапагандыст, які выказаў версію пра магчымае затрыманне. Аднак з публічнай прасторы Зайчук знік раней. Дзясятага студзеня ён праводзіў прыём грамадзянаў, а дваццаць чацвёртага студзеня распавядаў выданню «СБ. Беларусь сегодня» пра павелічэнне пагалоўя дойных кароваў у вобласці.

Зайчук Валянцін Міхайлавiч.
Фота: kamenec.by

«Гэта тая самая барацьба з карупцыяй, якой увесь час займаецца рэжым Лукашэнкі. Але гэта імітацыя барацьбы, таму што змагацца з самімі сабой немагчыма», – лічыць палітолаг Анатоль Котаў.

Вядома, што Зайчук кіраваў і Берасцейскай абласной федэрацыяй футболу, быў заўзятарам мясцовага «Дынама», кажуць, не прапускаў ніводнага матчу. Паводле палітолага Анатоля Котава, улады ў рэгіёнах маюць шмат розных магчымасцяў для стварэння карупцыйных схемаў.

«Можна дазволіць падпісаць нейкі кантракт, ці наадварот яго перарваць. Дазволіць правесці выплату з мясцовага бюджэту па ўжо падпісаным кантракце. Гэта самая распаўсюджаная схема», – дадае Анатоль Котаў.

Гісторыя Валянціна Зайчука – не першы прыклад, калі высокі чыноўнік раптоўна знікае. Напрыклад, у 2018 годзе гэткім чынам знік старшыня Гомельскага райвыканкаму Аляксандр Сітніца. Пазней высветлілася, што яго затрымалі за хабары і прысудзілі дзесяць гадоў зняволення.

Андрэй Сульжыц «Белсат»