Пачаўся завочны суд у «справе "BYPOL"»


Больш за 60 тамоў і больш за дзясятак пацярпелых. У Менскім гарадскім судзе Дзіна Кучук пачала разглядаць справу цяперашніх і ранейшых удзельнікаў ініцыятывы «BYPOL». Працэс над былымі сілавікамі абяцалі адкрыты, але частка паседжанняў пройдзе ў закрытым рэжыме.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі б пра гэта не нагадвалі нам дэмакратычныя медыі, мы б нават пра гэта б і не ўзгадалі. І, натуральна, з Беларусі да нас ніхто не звяртаўся з гэтай прычыны. Ніякіх дакументаў не дасылалі», – кажа прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Фігуранты справы – Аляксандр Азараў, Андрэй Астаповіч, Уладзімір Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Ігар Лобан, Алег Талерчык. Колішнія сілавікі ў 2020 падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, пасля зʼехалі за мяжу, дзе заснавалі ініцыятыву «BYPOL». Летась яна падзялілася на фонд «BYPOL» і аб’яднанне «BELPOL».

«З улікам таго, што тысячы людзей цяпер знаходзяцца ў турмах, палітвязні, з улікам таго, што больш за 150 тысяч, калі не памыляюся, прайшлі праз рэпрэсіі, з улікам таго, што без малога мільён беларусаў зʼехала з Беларусі, то гэтая крымінальная справа для нас увогуле ніякага значэння не мае», – зазначае Уладзімір Жыгар.

Фігурантаў справы вінавацяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх: «Здрада дзяржаве», «Арганізацыя актаў тэрарызму», «Змова дзеля захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Паклёп у дачыненні Лукашэнкі».

Рэжым Лукашэнкі прызнаў «BYPOL» не толькі экстрэмісцкай, але і тэрарыстычнай арганізацыяй.

Гэта адно з першых відэа, якое апублікавалі прадстаўнікі «BYPOL». Міліцыянты здзекуюцца з затрыманых у Фрунзенскім РУУС сталіцы.

Ініцыятыва «BYPOL» агучыла імёны набліжаных да Лукашэнкі, вінаватых у забойстве Рамана Бандарэнкі. А таксама даказала, што затрыманне Сяргея Ціханоўскага і ягоны крымінальны пераслед – палітычная замова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагатып ініцыятывы былых сілавікоў «BYPOL». Выява: BYPOL / Youtube

Але больш за ўсё, на думку аднаго з заснавальнікаў «BYPOL» Аляксандра Азарава, Лукашэнку разʼюшыла акцыя ў Мачулішчах. У яе выніку пашкоджанні атрымаў расейскі выведны самалёт А-50, кошт якога можа перавышаць 300 млн долараў. Адказнасць за атаку беспілотнікамі ўзяў на сябе «BYPOL».

«Паколькі дадзены самалёт належыць Расеі, і пашкоджанне расейскай маёмасці на тэрыторыі Беларусі, якое было даручана Лукашэнку, яно пацягнула страту ягонага іміджу перад Пуціным. І, я мяркую, гэта паўплывала на іхныя ўзаемныя стасункі», – кажа Аляксандр Азараў.

Завочныя суды – не новае для рэжыму Лукашэнкі. Гэтак сама судзілі Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку, блогераў Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка, спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна. Усіх пакаралі велізарнымі тэрмінамі. Завочна.

«Нягледзячы на тое, што завочныя суды існуюць і ў іншых краінах, у Беларусі гэтыя працэсуальныя нормы не выконваюцца. Тыя, хто абвінавачваюцца, яны не могуць атрымаць матэрыялы справы, адвакаты з імі не могуць звязвацца. Больш за тое, адвакатам наўпрост забаронена з імі звязвацца», – канстатуе юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Зрэшты, на завочных падсудных Фэміда ў Беларусі не спыняецца. 8 лютага Вярхоўны Суд пачне разглядаць справу нябожчыка.

Алесь Яшчанка, «Белсат»