Хворы Лукашэнка ўзяўся за прыватныя аптэкі


Падобна, беларусаў чакаюць новыя праблемы з лекамі ды свежай садавіной. Аляксандр Лукашэнка на адмысловай эканамічнай нарадзе загадаў разабрацца з прыватнымі аптэкамі, каб медыкаменты прадавалі па вызначаных коштах, і лепш, каб аптэкі кантралявала Міністэрства аховы здароўя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як здароўе Лукашэнкі? Чалавек пенсійнага ўзросту, які ўтрымлівае пад кантролем усе галіны ўлады ў Беларусі, у адрозненні ад прэзідэнтаў дэмакратычных краінаў, не робіць справаздачаў аб сваім фізічным стане. Таму грамадзяне абмяркоўваюць чуткі, якія нараджаюцца з ягонага з’яўлення на публіцы. Сёння папулярная тэма абмеркаванняў: Лукашэнка страціў голас. Але зноўку ўручную кіруе эканомікай. Ягоная прэс-служба выстаўляе відэа з ганарлівым подпісам: «грошы любяць цішыню».

«Ніякія вытворцы, бізнесмены, гандаль і іншыя, хто займаецца паслугамі, не павінныя бегаць у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, у міністэрствы або ва ўрад. Яны не павінныя туды бегаць, узгадняць кошты. З 1 студзеня павінная быць дакладная, зразумелая сістэма», – загадаў Лукашэнка міністрам.

Сістэма рэгулявання коштаў не працуе, і Лукашэнка не можа хваліцца тым, што перамог інфляцыю, тлумачыць бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч. Афіцыйна агульны ўзровень коштаў у Беларусі вырас за год на 5,5 %, хаця міжнародныя фінансавыя структуры і так прагназавалі беларускую гадавую інфляцыю на ўзроўні 8 % – без жорсткай рэгуляцыі коштаў.

«За гэтыя 2,5% мы заплацілі крымінальнымі справамі і заплацілі тым, што ў нас у банкруцтве “Буслік”, тым, што “Еўраопт” страціў некалькі сот мільёнаў і тым, што “Віталюр” амаль прыпыніў сваю дзейнасць, як крамы “Віталюру”. І ў гэтым вынікі рэгулявання. А тое, што Лукашэнка зараз так раве на сваіх падначаленых, кажа пра тое, што сістэма не працуе», – падкрэслівае Аляксандр Кныровіч.

Калі прымушаць краму ставіць кошты на тавары сабе ў шкоду, то крама будзе закрываць гэтыя страты з іншых крыніцаў: менш плаціць заробкаў прадаўцам, грузчыкам, высокакваліфікаваным спецыялістам. Будзе шукаць таннейшы тавар у мінус якасці. Або не прадаваць тое, што прыносіць выдаткі – і зʼявіцца дэфіцыт. Або гэтая крама стане банкрутам, звольніць працаўнікоў, а пакупнікі будуць шукаць іншую краму. Гэта і адбылося з «Віталюрам» у Беларусі. Аднак Савет міністраў пасля загаду Лукашэнкі прыдумаў новы спосаб рэгуляваць кошты так, каб не задушыць бізнес канчаткова.

«Будзе вызначаны адсоткавы парог, у межах якога любое прадпрыемства можа ўсталёўваць кошты на ўнутраны спажывецкі рынак. Гэта не датычыць прамежкавых, інвестыцыйных тавараў. І дакладна не датычыць экспарту. На экспарт можаце адпраўляць з якой-кольвек цаной і там кампенсаваць недаатрыманы прыбытак на ўнутраным рынку», – заявіў пасля нарады  першы віцэ-прэмʼер Савету Міністраў Лукашэнкі Мікалай Снапкоў.

Аптека, лекарства, препараты, здоровье, Минск
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аптэка. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Сёння ж міністэрства харчоў і сельскай гаспадаркі змяніла гранічныя мінімальныя кошты на экспарт у Расею: на малочныя харчы – масла і сыр – на 5-10 расейскіх рублёў за кг. Гэта ўжо 11-ы раз, пачынаючы ад верасня, калі мінімальныя кошты на беларускае масла для расейцаў падвышаюць.

Але калі ў Расеі зʼявіцца такі ж дэфіцыт масла і сыра, як цяпер дэфіцыт яек, то гэта непазбежна паўплывае і на наш рынак, папярэджвае Аляксандр Кныровіч:

«Мы пабачым шэры імпарт, кантрабанду, нейкія маршруткі, якія будуць вазіць малако і масла ў Санкт-Пецярбург ці Маскву».

Лукашэнка дэфіцыту ў беларускіх крамах не баіцца. І ў аптэках таксама.

«З садавіной і лекамі трэба разабрацца. Тут чаго мы баімся? Нейкі прыватнік з аптэкі сыдзе? Няхай сыходзіць! У нас дастаткова дзяржаўных аптэк, якія будуць займацца», – загадаў ён урадоўцам.

Лукашэнка сказаў Мікалаю Снапкову, эканамісту і былому міністру эканомікі, што лепш ведае, як насамрэч фармуюцца кошты на лекі. І запатрабаваў узяць і павялічыць вытворчасць усяго, каб знізіць кошты.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»