У Беларусі знішчаюць грамадскія арганізацыі


У Беларусі працягваецца знішчэнне недзяржаўных арганізацыяў. Менскія ўлады падалі судовы пазоў аб ліквідацыі чарговых грамадскіх аб’яднанняў. Сярод іх – дабрачынная арганізацыя, падарожнікі па Беларусі і нават аматары купацца ў ледзяной вадзе, ці так званыя «маржы». Чаму ўлады знішчаюць нават цалкам непалітычныя абʼяднанні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З ініцыятывы Менгарвыканкаму пачынаецца судовы працэс у справе ліквідацыі адразу трох грамадскіх арганізацыяў, паведамляе праект «Позірк». У чарзе на закрыццё: абʼяднанне «Вандроўнікі з Сінявокай», дабрачынны фонд «Стварай дабро» і спартовы клуб «Маржы сталіцы».

Разгром грамадскага сектару ў Беларусі пачаўся ў ліпені 2021 года, адзначаюць праваабаронцы з арганізацыі «Lawtrend». Акурат неўзабаве пасля заявы тагачаснага міністра замежных справаў Макея, які прыгразіў адказам на заходнія санкцыі.

Ад пачатку разгрому ўлады ліквідавалі больш за 1300 грамадскіх арганізацыяў, адзначае «Lawtrend». Нават тыя, што займаліся экалогіяй, турызмам, спортам і не высоўвалі палітычных лозунгаў. Ужо згаданыя «Маржы сталіцы» мелі клубную сімволіку ў колерах дзяржаўнай. Пра іх станоўча адгукалася дзяржаўная прэса. Але, падобна, што і яны ў цяперашняй сістэме лішнія.

«Калі людзі сёння пачнуць арганізоўвацца, напрыклад, па ахове птушак, яны зразумеюць, што заўтра яны могуць арганізавацца дзеля падтрымання кавіднага шпіталя. А паслязаўтра зразумеюць, што і райцэнтрам змогуць кіраваць больш эфектыўна за цяперашні дзяржаўны апарат», – мяркуе Алена Кудзько, дырэктарка даследчага інстытуту «GLOBSEC».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністэрства юстыцыі.
Фота: Еўрарадыё

Купацца ў халоднай вадзе можна і самастойна. Затое ліквідацыя дабрачынных арганізацыяў ударыць па людзях, што залежалі ад іх дапамогі. Дзяржаўная сістэма сацыяльнай абароны цалкам іх не заменіць, мяркуе грамадскі актывіст Валер Сляпухін.

«Гэтыя працэсы выбіваюць ініцыятыву і не даюць магчымасці развівацца далей нізавым працэсам, каб уладам было чуваць, што турбуе грамадзянаў», – кажа Валер Сляпухін.

«Уся дзяржава ў Беларусі будуецца на стварэнні ўмоваў і адчування, што грамадзяне абсалютна залежныя ад дзяржавы і толькі дзяржава можа вырашыць праблемы, якія маюць людзі. І таксама дзяржава можа вырашыць, каму дапамагчы, а каму – не», – мяркуе Алена Кудзько.

Паводле Алены Кудзько, рэжым Лукашэнкі зрабіў высновы з падзеяў 2020-га года. І найбліжэйшым часам наўрад ці дазволіць існаванне непадкантрольных дзяржаве ініцыятываў. Знішчэнне грамадскіх арганізацыяў можа быць таксама зачысткай перад чарговымі выбарамі.

«Гэта падрыхтоўка да наступнага і 2025-га года, калі будуць выбарчыя кампаніі. Ім патрэбна максімальна разʼяднаць людзей актыўных, якія могуць згуртаваць вакол сябе грамадзянскую супольнасць», – мяркуе Валер Сляпухін.

Адныя арганізацыі закрываюць праз судовыя пазовы Мінʼюсту ці мясцовых уладаў. Іншыя прынялі рашэнне аб самаліквідацыі. Такіх сёлета на канец сакавіка было ажно 440.

Валянцін Васіленка, «Белсат»