Пра такую захаду старшыня партыі Дзмітрый Кучук паведаміў «Народнай волі». Пазоў падпісаў асабіста кіраўнік ведамства Сяргей Хаменка.
Вярхоўны Суд ужо распачаў грамадзянскую справу па пазове Міністэрства юстыцыі і запрасіў старшыню партыі Дзмітрыя Кучука з’явіцца ў суд 17 ліпеня, каб падрыхтаваць справу да судовага разбору.
Згодна з пазовам, Міністэрства юстыцыі не атрымала дакументаў, устаноўленых законам, для перарэгістрацыі партыі. Таксама Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) не прыняла рашэння пра самаліквідацыю (на пачатку чэрвеня Мінюст скіраваў партыі ліст з прапановаю пра самаліквідацыю). На дзень 30 чэрвеня інфармацыі пра такое рашэнне «Зялёных» не паступала, таму ведамства палічыла гэта падставаю для яе ліквідацыі.
Нагадаем: з гэтага года палітычныя партыі Беларусі, згодна з новым законам, павінны прайсці перарэгістрацыю. Для гэтага партыі мусяць падаць пайменны спіс сябраў. Пакуль перарэгістрацыю прайшлі толькі тры партыі: Ліберальна-дэмакратычная, Камуністычная і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама Мінюст зарэгістраваў беларускую партыю «Белая Русь».
Раней БПЗ падала ў Міністэрства юстыцыі дакументы для перарэгістрацыі, але не прыклала да іх спісаў са звесткамі чальцоў партыі. У ведамстве заявілі, што такі пакет дакументаў разглядацца не будзе. Аднак у партыі не ўпэўненыя, што ведамства ўвогуле мае права патрабаваць гэтыя персанальныя звесткі.
Таксама ў размове з прадстаўніком ведамства высветлілася, што некуды зніклі партыйныя дакументы, якія чальцы партыі высылалі ў Мінюст: статут, пасведчанне аб рэгістрацыі і пратакол. Паводле чыноўніка, гэтых дакументаў у іх няма.
Беларуская партыя «Зялёныя» была заснаваная і зарэгістраваная ў 1994 годзе.
Алена Рувіна belsat.eu