ЦВК: У першы дзень прагаласавалі 5,94 % выбарнікаў


Праўладныя медыі наперабой паказваюць радасных выбарнікаў. А Цэнтральная выбарчая камісія абвесціла, што ў першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы прагаласавалі амаль шэсць адсоткаў грамадзянаў, якія маюць права голасу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Абмяркоўваць гэтыя лічбы варта толькі для таго, каб зверыцца з атачэннем, што яны разумеюць, што гэта фальсіфікацыя. Таму як будуць намаляваныя ў першы дзень, у другі, у трэці, ці па выніках усіх так званых выбараў – гэта ўжо не настолькі важна», – кажа лідарка суполкі «Сумленныя людзі» Алена Жываглод.

Незалежныя назіральнікі бачаць у датэрміновым галасаванні магчымасць маніпуляваць галасамі выбарнікаў. Але сёлета незалежных назіральнікаў няма. Не запрасілі і назіральнікаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ), стандарты якой прызнаюцца ў свеце. Пры гэтым кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заяўляў: за выбарамі будуць назіраць амаль дзвесце міжнародных назіральнікаў.

«Міжнароднае ў двукоссе бяру, таму што хто ў гэтым назіранні – дружалюбныя краіны, што падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Размова не пра стандарты правядзення выбараў, размова пра тое, каб імітаваць… Гэта часткова харошы званочак: рэжым яшчэ спрабуе імітаваць выбары», – лічыць Алена Жываглод.

Частка прозвішчаў міжнародных назіральнікаў трапіла ў спіс, які перадала нам ініцыятыва «BELPOL». У пераліку з 77-мі асобаў – пераважна працаўнікі структураў СНД або выбарчых камісіяў сваіх краінаў. Найбольш прадстаўнікоў Беларусі і Расеі, 31 і 26 адпаведна, па некалькі асобаў рэпрэзентуюць іншыя краіны СНД і Кітай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Але нават гэтых дружалюбных назіральнікаў павязуць з нібыта нечаканымі візітамі ў загадзя вызначаныя месцы. Іх пералік таксама ёсць у дакуменце «BELPOL». Гэта чатыры дзясяткі ўчасткаў на Меншчыне – у Барысаве, Жодзіне, Дзяржынску, Радашковічах і іншых гарадах і мястэчках. Такая сітуацыя не новая, каментуе прадстаўнік ініцыятывы Уладзімір Жыгар:

«Яшчэ калі я служыў, кожны ведаў, на які ўчастак ці калі прыедзе нават прадстаўнік АБСЕ. Тое, што мы атрымалі гэты дакумент, – гэта чарговая дэманстрацыя фарса, які рэжым спрабуе прадаць як выбары».

Выбарчыя камісіі таксама рыхтавалі адмыслова. Ініцыятыва былых сілавікоў перадала нам метадычку, у якой апісваецца трэнінг для чальцоў камісіяў. З разборам паўсотні сітуацыяў, якія могуць здарыцца падчас галасавання. Ёсць там і прыклады паводзінаў у дачыненні медыяў: між іншага тлумачыцца, што замежныя медыі мусяць мець акрэдытацыю, а блогерам нельга дазваляць здымкі і даваць інтэрв’ю. Апроч таго, паводле «BELPOL», з чальцамі камісіяў правялі дадатковы інструктаж.

«Кожны член выбарчай камісіі падпісвае ведамасць, дзе абавязваецца не апублікоўваць ніякія звесткі пра ход электаральнай кампаніі, пра персанальны склад, вынікі яўкі выбарнікаў, вынікі галасавання да абвешчання афіцыйных вынікаў», – кажа Уладзімір Жыгар.

Першыя агульныя вынікі галасавання ЦВК абяцае ў ноч на панядзелак.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»