Беларусак стымулююць нараджаць павелічэннем дэкрэтных выплатаў


Летась беларускі, што жывуць у Польшчы, нарадзілі семсот сорак адное дзіця. Тым часам у Беларусі ўрад б’е трывогу: нараджальнасць у краіне падае. Рэжым ідзе на розныя хітрыкі, каб выправіць сітуацыю. Вось і новы закон пра павелічэнне дэкрэтных выплатаў, што плануюць прыняць у канцы года, ёсць таму жывым пацвярджэннем. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускі змогуць раней выйсці на працу з дэкрэту. Стымуляваць такі выбар урад пастанавіў праз поўнае захаванне выплатаў пры доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Адпаведны ўказ плануюць прыняць да канца года. Цяпер жа мужчыну або жанчыне, у залежнасці ад таго, хто застаецца ў адпачынку дзеля догляду дзіцяці, пры заўчасным выхадзе на працу плацяць толькі пяцьдзясят адсоткаў.

«Асноўная прычына гэтых зменаў – гэта праблема з недахопам спецыялістаў, працоўнай сілы ў Беларусі. Такім спосабам хочуць прастымуляваць выхад беларусак на працу», – кажа экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Таксама парламентарыі абяцаюць разгледзець павелічэнне дародавых і пасляродавых выплатаў. Праўда, датычыць гэта толькі маладых спецыялістак, студэнтак і навучэнак. Экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна бачыць дзве галоўныя прычыны, паводле якіх грашовыя стымуляванні могуць не спрацаваць: не стае дзіцячых садкоў і навучальных установаў, а сітуацыя ў краіне застаецца нестабільнаю.

«З улікам таго, што ёсць пэўныя рызыкі ў эканоміцы, у палітычным жыцці, людзі могуць адкладаць нараджэнне дзіцяці на пазнейшыя перыяды: калі ўстануць на ногі, пачнуць больш зарабляць. Такім спосабам спрабуюць прастымуляваць рост нараджальнасці ў такіх маладых людзей», – мяркуе Лузгіна.

Цяпер у Беларусі існуе некалькі выплатаў з нагоды нараджэння дзіцяці. Дародавыя – як правіла, сто адсоткаў сярэдняга заробку за апошнія шэсць месяцаў да дэкрэту. Пасляродавыя складаюцца з аднаразовай выплаты, якая вагаецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей у сямʼі, а таксама ад сумы, якую выплачваюць жанчынам, што сталі на ўлік да дванаццаці тыдняў. Пасля нараджэння дзіцяці сямʼя штомесяц атрымоўвае выплату ў памеры ад шасцісот пяцідзесяці да сямісот сарака рублёў. Ці хапае гэтых грошай – падзялілася меркаваннем маладая беларуска, што летась стала матуляю.

«Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў. Па-першае, на грудным ты гадаванні ці на сумесях. Калі ты на якой-небудзь “Кабрыце” на казіным малацэ, дык гэтых грошай не хопіць. Мы на грудным. Выдаткоўваю грошы толькі на лактацыйныя ўкладкі, рублёў 50 на памперсы штомесяц, мінімальную колькасць адзення. Калі пачнецца прыкорм, будзе складаней. Ну і калі б я жыла адна – было б цяжка, а так заробак мужа дапамагае», – распавядае маладая маці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота https://www.pexels.com

Маладыя маці, што пайшлі ў дэкрэт падчас адпрацоўвання размеркавання, не надта імкнуцца вярнуцца да працы.

«На працу не хачу, мне вельмі падабаецца сядзець удома і глядзець, як дачка развіваецца, займацца самаразвіццём. Грошай хапае, бо муж яшчэ зарабляе. Ці вярнуся я на сваё папярэдняе месца працы? Хутчэй за ўсё, не», – кажа маладая спецыялістка ў дэкрэце.

Нярэдка нежаданне выйсці з дэкрэту звязанае з умовамі, у якіх даводзіцца працаваць і жыць маладым спецыялістам. Дрэнна, напрыклад, выглядае інтэрнат у Берасці, у які пасялілі выпускніка. Не лепшая сітуацыя і ў Горадні. На ўмовах ананімнасці сваёй гісторыяй размеркавання з намі падзяліўся былы студэнт медычнага ўніверсітэту.

«Па-першае, умовы працы былі жахлівымі. Стаўленне да інтэрнаў, да дактароў з боку начальства было жудаснае. Пастаянна даводзілася перапрацоўваць: у суботу быў працоўны дзень, пры гэтым мне выплачвалі капейкі: нешта каля ста долараў», – распавядае былы студэнт БДМУ.

Пры гэтым у Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што каля сямідзесяці адсоткаў маладых спецыялістаў застаюцца на працоўных месцах пасля адпрацоўвання размеркавання.

Наста Печанькова, «Белсат»